1 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі аўтамабільны завод адгрузіў "Мінсктрансу" першую партыю з чатырох дызельных аўтобусаў трэцяга пакалення МАЗ 303065, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
Нізкападлогавыя аўтобусы маюць аптымальныя для горада габарыты: даўжыня - 12,43 м, шырыня - 2,55 м, а вышыня - 3,1 м. У салоне з камфортам умяшчаюцца да 110 пасажыраў, з іх 26 - на сядзеннях. МАЗ 303065 аснашчаны турбадызельным рухавіком класа Еўра-5 ад кампаніі Daimler магутнасцю 210 кВт і шасціступеньчатай каробкай-аўтаматам ад канцэрна ZF.
Салон аўтобуса выкананы па еўрапейскіх стандартах. Дасканала прадуманы поручні, на цэнтральнай пляцоўцы прадугледжана месца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і калясак. Вышыня падножкі ўсяго 32 см, дадаткова ўстаноўлена высоўная платформа з электрапрыводам.
Сярод цікавых навацый - USB-парты для зарадкі смартфонаў і планшэтаў на ўсіх радах сядзенняў. За камфортны клімат адказваюць пяць абагравальнікаў і кандыцыянер, прычым апошні можа працаваць як на ахаладжэнне, так і на абаграванне.
Месца вадзіцеля спраектавана з улікам самых высокіх патрабаванняў да эрганоміцы, яно зручнае і высокатэхналагічнае. Устаноўлена новая прыборная панэль, а камеры забяспечваюць 100-працэнтны агляд унутры і вакол аўтобуса.
Аўтобус мае незалежную пярэднюю падвеску з вялікім ходам і падоўжаную колавую базу. Тармазная сістэма пнеўматычная. У новым аўтобусе зніжаны ўзровень шуму і вібрацый у час руху, а канструкцыяй прадугледжаны сістэмы дапамогі вадзіцелю.
Мінскі аўтамабільны завод - адно з буйнейшых беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, якое спецыялізуецца на выпуску велікагрузных аўтамабіляў, спецтэхнікі, аўтобусаў, тралейбусаў і прычапной тэхнікі. Гандлёвая марка МАЗ шырока вядома ў СНД і далёкім замежжы. Тэхніка адпавядае экалагічным стандартам Еўра-5, 6. З канвеера завода сыходзяць седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання - усяго больш за 500 мадэлей і мадыфікацый.