21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка выступае за зняцце ўсіх бар'ераў у міжрэгіянальным прамысловым супрацоўніцтве Беларусі і Расіі. Аб гэтым яна заявіла ў інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"На ІІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі мы бачылі поўныя залы, прадметную, змястоўную размову, у тым ліку з крытыкай таго, што перашкаджае далейшаму пашырэнню нашага супрацоўніцтва. Мы кожную прапанову разгледзім, каб зняць усе бар'еры ў развіцці міжрэгіянальнага прамысловага супрацоўніцтва", - адзначыла Валянціна Мацвіенка.
Паводле яе слоў, рэгіянальнае супрацоўніцтва з'яўляецца асновай асноў інтэграцыйных аб'яднанняў - Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага эканамічнага саюза, паколькі менавіта на гэтым узроўні ідзе прадметнае ўзаемадзеянне, развіццё гандлёва-эканамічных адносін, рэалізацыя сумесных праектаў. "Купі-прадай" - гэта ўжо другі план. На першы план выходзіць стварэнне сумесных прадпрыемстваў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, стварэнне і рэалізацыя сумесных буйных праектаў, распрацоўка новых інавацыйных канкурэнтаздольных відаў прадукцыі, таму што не канкурыраваць неабходна адзін з адным, а дапаўняць эканомікі, выпрацоўваць агульны добры экспартны патэнцыял", - растлумачыла яна.
Валянціна Мацвіенка ўпэўнена, што краіны рухаюцца ў правільным напрамку: "Еўразійскі эканамічны саюз умацуе эканомікі кожнай асобнай краіны і ў цэлым зробіць нас больш моцнымі і канкурэнтаздольнымі ў глабальным свеце".