23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масавая ўборка збожжавых завяршаецца ў Беларусі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Паводле даных на 23 жніўня, збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны з 1,94 млн га, што складае 96,4 працэнта запланаванай плошчы. Усяго па краіне намалочана больш за 5,12 млн т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 26,4 ц/га. У 2017 годзе па стане на 23 жніўня аграрыі намалацілі больш за 7 млн т збожжа.
Уборачная кампанія практычна завяршылася ў Брэсцкай і Мінскай абласцях: там убрана 98,8 працэнта пасяўных плошчаў. У Гродзенскай вобласці ўраджай сабраны з 98,3 працэнта, у Магілёўскай - з 96,3 працэнта. У Гомельскай вобласці работы завершаны на 95,3 працэнта пасяўных плошчаў, у Віцебскай - на 89,8 працэнта.