13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Малдова разглядае магчымасць арганізацыі зборкі беларускіх электробусаў. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон у час наведвання ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Белкамунмаш", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Ігар Дадон азнаёміўся з тэхнікай, што выпускаецца на "Белкамунмашы". Асаблівую цікавасць выклікалі электробусы, вытворчасць якіх пачалася ў 2016 годзе. "Спадзяюся, што і новыя мадэлі ў бліжэйшым будучым таксама будуць на кішынёўскіх вуліцах, - адзначыў Прэзідэнт. - Магчымасць зборкі электробусаў будзе абмяркоўвацца".
Ён таксама падзяліўся ўражаннямі ад наведвання беларускага прадпрыемства: "Тое, што я ўбачыў тут, вышэй за мае чаканні. Я быў на аналагічных заводах у краінах Еўрапейскага саюза і магу сказаць, што тут лепш. Я ведаю шмат аб гэтым прадпрыемстве. Мы закупілі 100 тралейбусаў, яшчэ 100 - сумеснай зборкі ў Кішынёве. Такім чынам, каля 200 машын "Белкамунмаша" ездзяць па кішынёўскіх вуліцах. Рады, што беларускія партнёры ўпэўнена ідуць наперад і ствараюць мадэлі будучага".
Як адзначыў дырэктар ААТ Уладзімір Кароль, супрацоўніцтва прадпрыемства з Малдовай доўжыцца на працягу пяці гадоў. "У нас добрая аснова і гісторыя адносін. Мы бачым перспектывы развіцця далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку па вытворчасці бесправадных тралейбусаў. Можна пашыраць праекты па пастаўцы прадукцыі на трэція рынкі. Што датычыцца электробусаў, то цікавасць да гэтай тэхнікі будзе толькі ўзрастаць", - сказаў ён.
Ігар Дадон адзначыў, што ў Беларусі і Малдовы ёсць шмат сумесных ідэй. Тавараабарот паміж краінамі пакуль не адпавядае патэнцыялу супрацоўніцтва. "Думаю, что пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі нашы адносіны выйдуць на якасна новы ўзновень", - падкрэсліў ён.
У час наведвання "Белкамунмаша" Ігар Дадон не толькі азнаёміўся з працэсам вытворчасці гарадскога пасажырскага транспарту, але і праехаў у якасці пасажыра ў новым электробусе мадэлі Е433. Гэты нізкападлогавы электробус, разлічаны на максімальную ўмяшчальнасць каля 150 чалавек, аснашчаны сістэмай відэанагляду. Прэзідэнт Малдовы таксама пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.