4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Дзве трэці экспартуемых беларускіх лякарстваў пастаўляецца ў Расію, паведаміў журналістам міністр аховы здароўя Валерый Малашка перад пасяджэннем сумеснай калегіі міністэрстваў аховы здароўя Беларусі і Расіі па пытаннях анкалогіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Расійская Федэрацыя з'яўляецца асноўным экспартным рынкам для беларускай фармацэўтычнай прамысловасці, доля экспарту ў гэты рэгіён складае каля 60-70 працэнтаў. "Рынак Расійскай Федэрацыі перанасычаны. Аднак дыстрыб'ютары бяруць нашы прэпараты, таму што яны маюць цэнавыя перавагі і добрую якасць", - сказаў Валерый Малашка.
Экспарт лекавых сродкаў у Расію ў 2016 годзе склаў $80 млн, за першы квартал 2017-га - $28 млн.
Паводле слоў міністра, цяпер адсутнічаюць праблемныя пытанні, якія перашкаджаюць нарошчванню аб'ёмаў экспарту беларускіх лякарстваў у Расію, а таксама створаны ўмовы для развіцця паспяховага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы паставак лекавых сродкаў на рынкі бакоў. У той жа час перспектыўным было б аб'яднанне некаторых лінеек прэпаратаў для выхаду на рынкі трэціх краін.
Пастаўкі лекавых сродкаў у Расію ажыццяўляюцца на падставе рэгістрацыйных пасведчанняў. Цяпер беларускія арганізацыі экспартуюць лякарствы ўласнай вытворчасці на падставе 166 рэгістрацыйных пасведчанняў. У тым ліку з пераліку неабходных і важнейшых лекавых прэпаратаў гэта 82 назвы.