8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту на 2016-2020 гады (праграма "Экспарт Беларусі") робіць акцэнт на актыўнасці канкрэтных галін, рэгіёнаў, прадпрыемстваў. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праект праграмы на бягучую пяцігодку адрозніваецца ад аналагічных дакументаў, якія дзейнічалі раней. "Акцэнт зроблены на актыўнасці канкрэтных галін, рэгіёнаў, прадпрыемстваў", - растлумачыў Уладзімір Макей.
МЗС вынесла праект праграмы на грамадскае абмеркаванне і разлічвае, абагульніўшы ўсе прапановы, падрыхтаваць важкі, эфектыўны дакумент, які дапамог бы актывізаваць экспартную дзейнасць.
За мінулы год выканаць паказчыкі па экспарце не ўдалося, канстатаваў міністр. Разам з тым Беларусь выйшла на дадатнае сальда знешнегандлёвага балансу, павялічыла экспарт на новыя і перспектыўныя рынкі. "Асабліва добрыя паказчыкі былі дасягнуты ў тых краінах, якія наведаў кіраўнік дзяржавы, або з кіраўнікамі якіх сустракаўся Прэзідэнт. Вырасла колькасць суб'ектаў гаспадарання, які займаюцца экспартнай дзейнасцю - на 300 прадпрыемстваў", - расказаў міністр. Акрамя таго, добра зарэкамендавала сябе практыка замацавання службовых асоб за канкрэтнымі рэгіёнамі, яна будзе ўдасканальвацца ў далейшым.