8 красавіка, Масква /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў безбар'ерным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Расіяй. Аб гэтым заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Маскве міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Беларускі бок нацэлены на тое, каб усе праблемы ў гэтай сферы хутка здымаліся. "Мы зацікаўлены ў тым, каб гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ажыццяўлялася без усялякіх абмежаванняў, каб не было ніякіх бар'ераў на шляху нашых тавараў", - адзначыў Уладзімір Макей. Гэта ў той жа час не выключае дакладнага выканання гандлёвымі партнёрамі правіл краіны-суседкі, "парадак павінен існаваць", дадаў міністр.
Задачу беларускіх дыпламатаў ён бачыць у тым, каб ствараць нармальныя ўмовы для паставак прадукцыі, здымаць праблемы, якія перыядычна ўзнікаюць па лініі тых ці іншых ведамстваў. "Мы заўсёды былі нацэлены на канструктыўнае ўзаемадзеянне ў гэтым плане з нашымі расійскімі партнёрамі", - нагадаў міністр. Пры гэтым ён падкрэсліў, што беларускі бок не адабрае такога падыходу, калі замест ціхага спакойнага рашэння за сталом перагавораў праблема выліваецца на старонкі СМІ. "Гэта не тыя метады, якімі павінны кіравацца дружалюбныя дзяржавы", - лічыць Уладзімір Макей.
Нягледзячы на спад беларуска-расійскага тавараабароту, патэнцыял узаемнага гандлю, паводле ацэнак міністра, вельмі вялікі. "Хацелася б, каб кампаніі Беларусі і Расіі мелі аднолькавыя магчымасці для работы на рынках абедзвюх краін. Каб не стваралася нейкіх абмежаванняў - на ведамасным, урадавым узроўні - для доступу беларускіх тавараў у Расію або расійскіх у Беларусь. Мы гатовы да такога варыянту ўзаемадзеяння", - сказаў міністр. Ён адзначыў, што ў дзвюх краін ёсць нацэленасць на канструктыўнае ўзаемадзеянне, а таксама выказаў перакананасць, што Беларусь і Расія спакойна пераадолеюць агульныя фінансава-эканамічныя праблемы.