12 кастрычніка, Душанбэ /Кар. БЕЛТА/. Беларусь вывучае магчымасці для выхаду на рынак Афганістана. Аб гэтым заявіў журналістам у Душанбэ міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы ў мінулыя гады мелі даволі высокі ўзровень супрацоўніцтва з Афганістанам. Пастаўлялі туды тэхніку, абменьваліся візітамі ў рамках палітычнага дыялогу. На жаль, на гэтым этапе назіраецца пэўная паўза, але мы зацікаўлены ў тым, каб мець, развіваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з гэтай краінай", - сказаў Уладзімір Макей.
Раней беларускі пасол у Таджыкістане быў таксама акрэдытаваны па сумяшчальніцтве і ў Афганістане. "У нас былі сапраўды рэальныя перспектывы па развіцці супрацоўніцтва з Афганістанам. З улікам усяго комплексу праблем мы цяпер думаем, як нам выйсці ў тым ліку на рынак гэтай краіны", - адзначыў міністр.
Пры гэтым Беларусі неабходна ўлічваць міжнародныя абмежаванні супраць Афганістана. "Мы дакладна прытрымліваемся ў гэтым плане прынцыпаў міжнароднага права. Але, улічваючы, што там жывуць людзі, якія адчуваюць праблемы гуманітарнага характару, у тым ліку звязаныя з голадам, мы павінны думаць аб гэтым. Думаю, што ёсць нейкія аспекты, сферы, галіны, у рамках якіх магло б ажыццяўляцца ўзаемадзеянне. Зразумела, пры дакладным выкананні міжнародных абмежаванняў, калі яны існуюць", - падкрэсліў дыпламат.-0-