15 чэрвеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. ААТ "Магілёўскі мясакамбінат" пачаў прамысловыя пастаўкі паўфабрыкатаў з ялавічыны ў Кітай, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Уладзімір Латыгоўскі.
"Мы паставілі ўжо ў Кітай замарожанае мяса больш як на $130 тыс. Да адпраўкі ў канцы чэрвеня рыхтуецца новая партыя прадукцыі, якая наразаецца і пакуецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі кітайскага боку. Пасля прыбыцця ў Кітай нашу прадукцыю адразу накіроўваюць у гандлёвую сетку. Яна рэалізуецца непасрэдна спажыўцам", - сказаў дырэктар.
З кітайскімі партнёрамі на бягучы год прадпрыемствам падпісаны кантракт на пастаўку мясных вырабаў на $10 млн. "Таму дамоўленасці аб супрацоўніцтве з кітайскім бокам сур'ёзныя. І рэалізуемы сумесна праект шматабяцальны. Але ён патрабуе дадатковых інвестыцый у пашырэнне сыравіннай базы, чым мы актыўна цяпер займаемся, развіваючы мясную жывёлагадоўлю ў Крычаўскім, Слаўгарадскім і Хоцімскім раёнах паўднёва-ўсходняга рэгіёна", - адзначыў Уладзімір Латыгоўскі.
Паводле яго слоў, у ліпені прадпрыемства наведае дэлегацыя прадстаўнікоў асноўнага партнёра з горада Нанкін (Кітай). У час дзелавых сустрэч плануецца абмеркаваць пытанні інвесціравання кітайскім бокам у развіццё мясной жывёлагадоўлі ў Магілёўскай вобласці, а таксама перспектывы далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку нарошчвання экспарту мясных вырабаў.
"Згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі партнёры з Паднябеснай ужо гатовы спажываць большыя аб'ёмы ялавічыны. Каб задаволіць іх заяўкі нам трэба значна павялічыць пагалоўе мяснога статка, правесці мадэрнізацыю цэха ўпакоўкі мясных паўфабрыкатаў з павелічэннем яго магутнасцей. Таксама мы разлічваем у перспектыве і на экспарт нашых каўбасных вырабаў - многія кампаніі праяўляюць цікавасць да гэтай прадукцыі. Перагаворы ў гэтым напрамку, як і прапрацоўка кітайскага рынку, прадаўжаюцца. Важна, што лагістыка паставак адпрацавана, цяпер галоўнае - дамовіцца па цане", - заўважыў Уладзімір Латыгоўскі.
Прадпрыемства створана ў 1905 годзе. Сёння яно з'яўляецца адным з буйнейшых у мясной прамысловасці Беларусі. Тут асвоены выпуск больш як 300 найменняў мясных вырабаў: каўбасы, вырабы са свініны і птушкі, субпрадукты, паўфабрыкаты мясныя, пельмені і іншыя.