1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2023 годзе ААТ "Магілёўліфтмаш" вырабіў 13 тыс. ліфтаў для ўнутранага і знешняга рынкаў, тэмп росту 104,1 працэнта. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Мінпрама.
Асноўным рынкам збыту прадукцыі холдынга з’яўляюцца Расійская Федэрацыя і краіны-партнёры па Еўразійскім эканамічным саюзе.
Для прасоўвання прадукцыі прадпрыемства на новыя рынкі ААТ "Магілёўліфтмаш" распрацаваны брэнд MOVEL. Гэтыя ліфты прапануюцца на рынках краін СНД як ліфты больш высокага класа з канструктыўнымі дапрацоўкамі і палепшаным дызайнам кабіны.
На айчынны рынак ААТ "Магілёўліфтмаш" ажыццяўляе пастаўку ліфтавага абсталявання ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2021-2025 гады. Дакументам прадугледжана на працягу 5 гадоў замена ў жылых дамах больш як 4,7 тыс. адзінак ліфтаў, якія адпрацавалі нарматыўныя тэрміны эксплуатацыі.
Для мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей у 2024 годзе будуць рэалізоўвацца інвестыцыйныя праекты: "Стварэнне высокатэхналагічнай вытворчасці новай серыі электрарухавікоў АЕМ з класам энергаэфектыўнасці IE2, IE3 у 2021-2025гг.", "Арганізацыя высокатэхналагічнай вытворчасці ліфтаў са скорасцю руху кабіны да 2,5 м/с, якія адпавядаюць у тым ліку ДАСТ 33984.1-2016, з энергаэфектыўнымі безрэдуктарнымі прыводамі галоўнага руху", "Мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці па выпуску імпартазамяшчальных ліфтаў".
Асноўнай стратэгічнай мэтай развіцця арганізацый холдынга "Магілёўліфтмаш" на 2024 год з’яўляецца вытворчасць высакаякаснай канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая адпавядае патрабаванням спажыўца, актывізацыя інавацыйнай дзейнасці.
Холдынг "Магілёўліфтмаш" з’яўляецца вядучым вытворцам ліфтаў і ліфтавага абсталявання рознай грузападымальнасці і мадыфікацый; будаўнічых пад’ёмнікаў і пад’ёмнікаў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі; запасных частак для рамонту, замены і мадэрнізацыі старых ліфтаў; асінхронных электрарухавікоў для прамысловасці, сельскай гаспадаркі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых галін народнай гаспадаркі; камплектаў абсталявання для сельскай гаспадаркі; плат, вузлоў і вырабаў электратэхнічнага і радыёэлектроннага профілю для ліфтавага абсталявання; прадукцыі прамысловай электронікі, энергазберажэння; электразварачнага абсталявання; электраасвятляльнага і святлодыёднага абсталявання; вырабаў з металу.
З 2020 года ААТ "Магілёўліфтмаш" мае статус навуковай арганізацыі. Партнёры ў рэалізацыі сумесных работ - вядучыя навуковыя і адукацыйныя ўстановы Беларусі: Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.