15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасці супрацоўніцтва Беларусі і Інданезіі абмяркуюць 21 кастрычніка на відэаканферэнцыі па пытаннях бізнесу і гандлю, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС.
Відэаканферэнцыя будзе прысвечана інданезійскаму рынку спажывецкіх тавараў і асаблівасцям, якія варта ўлічваць замежным кампаніям, зацікаўленым у пастаўках прадукцыі ў гэту краіну. У Інданезіі запатрабаваны тавары для дзяцей, дамашні тэкстыль, прадукты харчавання (малочная, кансервавая і бакалейная прадукцыя), корм для свойскіх жывёл, медыцынскія прэпараты. Высокім попытам на рынку карыстаюцца і касметычныя тавары.
З інданезійскага боку ў відэаканферэнцыі плануецца ўдзел кампаній, зацікаўленых у пашырэнні сваёй прадукцыі на рынак ЕАЭС, а таксама патэнцыяльных імпарцёраў беларускай прадукцыі.
Відэаканферэнцыя адбудзецца на платформе Zoom. Рабочая мова - англійская. Нацыянальны цэнтр маркетынгу запрашае да ўдзелу беларускія прадпрыемствы, нацэленыя на дыверсіфікацыю экспарту.
Мерапрыемства арганізавана Нацыянальным цэнтрам маркетынгу сумесна з аб'яднаннем Indonesia Trade, Tourism and Investment Club.
Інданезія, дэманструючы ўстойлівыя тэмпы эканамічнага развіцця на ўзроўні 5 працэнтаў за год, уваходзіць у топ-20 буйнейшых эканомік свету. Акрамя таго, краіна займае адно з вядучых месцаў у свеце па аб'ёме ўнутранага рынку.