15 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Магазін беларускіх прадуктаў адкрыўся ў кітайскім горадзе Чунцын, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Пекіне.
Сярод прадстаўленай у магазіне "Валоша" беларускай прадукцыі, якая карыстаецца попытам у кітайскіх пакупнікоў, - малако, сыры, ялавічына, алей, мука, шакалад, алкаголь. Беларусь і Чунцын з 2011 года актывізуюць супрацоўніцтва - краіны злучыла чыгуначная лінія "Чунцын - Сіньцзян - Еўропа", прадастаіўшы новыя магчымасці для развіцця гандлёва-эканамічных сувязей. У 2016 годзе кіраўніцтва Мінскай вобласці і горада Чунцын падпісалі пагадненне аб пабрацімскіх адносінах паміж рэгіёнамі, уключаючы развіццё гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва.
Заснавальнік брэнда "Валоша" - выпускніца МДЛУ і магістратуры філасофскага факультэта Пекінскага ўніверсітэта беларуска Вольга Зялкоўская, якая жыве ў Кітаі больш за сем гадоў. Плануецца далейшае развіццё сеткі гэтых магазінаў у краіне. Так, адкрыццё другога запланавана ў адміністрацыйным цэнтры правінцыі Сычуань - горадзе Чэнду.