11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў Мінскі завод грамадзянскай авіяцыі нумар 407 і азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Завод быў заснаваны 8 мая 1953 года. Апошнія некалькі гадоў ён размяшчаецца на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск. На прадпрыемстве займаюцца рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем, мадэрнізацыяй самалётаў савецкай і расійскай вытворчасці. Для дыверсіфікацыі вытворчай дзейнасці ў 2020 годзе было створана спецыялізаванае ўнітарнае прадпрыемства "407 Тэхнікс". Яно абслугоўвае самалёты заходняй вытворчасці.
Як расказаў генеральны дырэктар Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі Уладзімір Пякарскі, сёння вытворчыя магутнасці прадпрыемства цалкам загружаны. Доля экспарту ў аб'ёме выручкі за першае паўгоддзе склала 98,8 працэнта.
На тэрыторыі завода ўзводзіцца комплекс змыўкі і фарбавання паветраных суднаў. Завяршыць будаўніцтва плануюць у першым квартале 2024 года. Пасля выхаду комплексу на поўную магутнасць дадатковая выручка для завода складзе больш за Br13 млн, экспарту - $4 млн. Пашыраць напрамкі дзейнасці плануюць таксама за кошт асваення тэхнічнага абслугоўвання новых тыпаў самалётаў, вырабу дэталей і зборачных адзінак, вырабу і рамонту сродкаў наземнага абслугоўвання, камплектуючых вырабаў паветраных суднаў.
Кіраўнік дзяржавы наведаў ангар тэхнічнага абслугоўвання і рамонту паветраных суднаў, дзе азнаёміўся з размешчанымі тут вытворчымі ўчасткамі. Пасля Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з працоўным калектывам завода і іншых арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта Мінск.
"Дзякуй, што асвоілі новы завод", - падзякаваў работнікам прадпрыемства Прэзідэнт.
Ён нагадаў, як прымалася рашэнне аб пераносе вытворчай пляцоўкі Мінскага завода грамадзянскай авіяцыі. Да 2018 года ён размяшчаўся на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Але з-за шэрага абставін было вырашана перанесці завод у Нацыянальны аэрапорт Мінск. Аднак усё было не так проста, як здаецца на першы погляд, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паступала шмат прапаноў і аб ліквідацыі прадпрыемства: маўляў, завод не патрэбны, тут рамантуецца нейкая савецкая старызна.
"Мяне пераконвалі, што гэта не трэба. Я нібыта і згадзіўся, але задаў тым людзям, якія ўносілі прапанову, адно пытанне: а што будзем рабіць з людзьмі? Не проста з людзьмі, якіх трэба заняць. Зразумела, паўтысячы чалавек занялі б, гэта не праблема. Гэта высокакваліфікаваныя людзі, вы значыць. Такія людзі вельмі дорага каштуюць. Што мы будзем з імі рабіць? Яны куды пойдуць? Адказу не было. Таму мною было прынята рашэнне аб вынасе таго завода з беларускай сталіцы і размяшчэнні тут", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі было пад асаблівым кантролем у Прэзідэнта. "Многія былі пакараны за тармажэнне будаўніцтва. Але ў рэшце рэшт мы пабудавалі гэты завод. Да наведвання завода і даклада вашага дырэктара я не думаў, што вы так разгорнецеся. Проста малайцы. Галоўнае, што вы знайшлі свае нішы. Вы навучыліся рабіць не толькі тое, што вы рабілі там, на старым заводзе, але і шмат новага. Вы займаецеся імпартазамяшчэннем. Таму я вам шчыра гавару: вы проста малайцы, і я вам за гэта вельмі ўдзячны. Будзем у гэтым напрамку рухацца. Усіх "вінаватых" вывучыць і прадставіць да дзяржаўных узнагарод", - даручыў беларускі лідар.