9 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў прамысловым прадпрыемствам задачу вярнуцца да актыўнай работы на расійскім рынку. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нягледзячы на тое, што больш за 90 працэнтаў прадукцыі ідзе на рынак Расіі, беларускія вытворцы страчваюць там пазіцыі па традыцыйных таварах, якія заўсёды карысталіся попытам за свае якасць і надзейнасць.
"Мне дакладваюць, што сёння айчынная прадукцыя ўступае аналагам як па цане, так і па якасці. Па цане яшчэ вытлумачальна. Але чаму па якасці? Экспарт беларускіх трактароў у 2023 годзе скараціўся на 18 працэнтаў. Доля нашых трактароў у расійскім імпарце знізілася да мінімальных за апошняе дзесяцігоддзе 10,5 працэнта, грузавых аўтамабіляў - да 6 працэнтаў", - прывёў даныя статыстыкі Аляксандр Лукашэнка.
Тыя ж пагражальныя тэндэнцыі, паводле яго слоў, складваюцца і на "Атланце". Аб'ёмы экспарту халадзільнікаў і маразільнікаў, яшчэ ўчора запатрабаваных, скараціліся амаль у два разы. "Што перашкаджае прадаваць прадукцыю? Кітай, Індыя і іншае - дык вы прывыкайце да канкурэнцыі. Канкурэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Дайшлі да таго, што сістэматычна ўзнікаюць прастоі, а людзей адпраўляюць у вымушаныя водпускі. Мы страчваем рынак. Чаму?" - спытаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў сваім штогадовым Пасланні Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін анансаваў, што да 2030 года суб'екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта прадугледжаны. "Задача беларускай прамысловасці - падключыцца і забяспечыць не менш як 30 працэнтаў патрэбных аб'ёмаў. Гэта наша ніша. Трэба толькі закасаць рукавы і працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Тыя часы, калі за плот выкінуў трактар і аўтамабіль і тут прыйшлі людзі, якія стаяць у чарзе, і забралі іх або купілі ваш трактар, даўным-даўно скончыліся".
І Міністэрства замежных спраў павінна быць у першых радах, калі размова ідзе аб экспарце. Тут яго роля шмат у чым вызначальная, нагадаў кіраўнік дзяржавы.