27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўмовах санкцый краіны Еўразійскага эканамічнага саюза не павінны замыкацца самі ў сабе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асаблівае значэнне для ЕАЭС мае развіццё міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва з трэцімі краінамі і інтэграцыйнымі аб'яднаннямі. "Ва ўмовах санкцый мы не павінны замкнуцца ў саміх сабе, у эканамічным нашым саюзе. Акрамя так званага калектыўнага Захаду ў свеце дастаткова дзяржаў, якія гатовы развіваць з намі раўнапраўныя, паважлівыя ўзаемаадносіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што вядзецца актыўная работа па заключэнні гандлёвых пагадненняў з Егіптам і Іранам. На падыходзе пачатак прадметных перагавораў з Інданезіяй. Праяўляюць цікавасць да пагаднення аб свабодным гандлі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
"Вялікі патэнцыял мае заключаны міжнародны дагавор аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Кітаем. Яго варта выкарыстоўваць для пашырэння ўзаемадзеяння ў сферы прамысловай кааперацыі, у тым ліку ў інавацыйных галінах, прыцягнення інвестыцый, рэалізацыі транзітнага патэнцыялу нашага саюза, нарошчвання ўзаемнага гандлю", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, цяпер трэба сканцэнтравацца на рабоце па хутчэйшай рэалізацыі ўжо ў гэтым годзе дарожнай карты з кітайскім бокам. Таксама асаблівае значэнне, дадаў ён, набывае партнёрства з КНР у сферы лічбавых транспартных калідораў. "Рэалізацыя гэтага напрамку дапаможа перайсці на комплексную электронную тэхналогію перавозкі грузаў чыгуначным транспартам паміж дзяржавамі нашага саюза і Кітаем", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівае значэнне, дадаў кіраўнік дзяржавы, мае абмеркаванне праектаў па ўдзеле Узбекістана ў ініцыятывах саюза. Ён таксама адзначыў высокі ўзровень узаемадзеяння ЕАЭС з Кубай і інтарэс Венесуэлы да супрацоўніцтва з эканамічным аб'яднаннем.
"Пытанні не новыя. У большасці гэтыя мерапрыемствы праходзілі ўжо ў нашых дакументах і планах. Цяпер проста трэба ўдзяліць ім больш часу і ўвагі з тым, каб дабіцца выніку", - дадаў Прэзідэнт.