6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага націску Беларусь і Расія не проста выстаялі, а сталі мацнейшыя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 снежня ў Мінску на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага націску захаваны базавыя галіны эканомікі, не парушана фінансавая сістэма, беспрацоўе знаходзіцца на мінімальных значэннях, даходы і накапленні грамадзян растуць. Мы не проста выстаялі. Мы сталі мацнейшыя", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт прывёў толькі некалькі лічбаў эканамічнай статыстыкі. У параўнанні з 1999 годам, калі быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, у абедзвюх краінах значна вырас аб'ём ВУП: прыкладна ў 2,5 раза. Беларуска-расійскі тавараабарот таксама паступальна павялічваецца. У мінулым годзе ён дасягнуў амаль $55 млрд, а ў 2024-м пры ўмове захавання бягучых тэмпаў росту краіны разлічваюць выйсці прыкладна на $60 млрд.
"Але неабходна задаць сабе пытанне: ці ўсё мы прадугледзелі і зрабілі, каб такі прагрэс быў пастаянным і не зведваў ніякія ваганні? Для таго каб спраўляцца з усё новымі выклікамі, патрэбна скаардынаваная і адказная работа ўрадаў, усіх сектараў эканомікі. Паколькі з-за асаблівасцей бягучай сітуацыі нам даводзіцца вырашаць прынцыпова новыя задачы", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.