17 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы са старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько закрануў тэму процідзеяння ўвозу санкцыйнай прадукцыі на тэрыторыю Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Галаўны боль для нас. Робім шалёную работу ў інтарэсах Расіі. А як тут мытнікі кажуць і іншыя, там жа ідзе бойка пастаянна, - нехта заказвае нейкія матэрыялы (у СМІ. - Заўвага БЕЛТА). Яны пачынаюць нам выстаўляць прэтэнзіі. Замест удзячнасці пачынаюць часам ківаць на нас, што мы тут дрэнна працуем з санкцыйнымі таварамі", - адзначыў беларускі лідар.
"Ці вырашана гэта пытанне? І калі гэта не так, нам трэба смялей аб гэтым гаварыць. Таму што, паводле інфармацыі спецслужбаў, запраўляюць усімі негатыўнымі працэсамі, звязанымі з "санкцыёнкай" і іншымі пытаннямі, фірмы і кампаніі Расійскай Федэрацыі, часам буйныя, за якімі стаяць буйныя дзялкі з цяжкімі пагонамі. Гэта таксама трэба гаварыць, не саромецца. Не мытнікам расійскім гаварыць, а інфармаваць урад і Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, каб яны там разбіраліся са сваімі. Я Пуціну часта аб гэтым гавару. Але факты трэба выкладаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Юрый Сянько прывёў адзін з нядаўніх прыкладаў. "Учора на магілёўскім напрамку былі затрыманы два грузавікі, якія рухаліся з Беларусі ў Расію з грузам так званай санкцыйнай прадукцыі па падробленых дакументах. Суправаджаў гэтыя два грузавікі грамадзянін Расіі, які значыўся ў міждзяржаўным вышуку. Мы сумесна з міліцыяй адпрацавалі гэта пытанне. Грамадзянін затрыманы", - расказаў ён.
"Падробліваюць дакументы, самі вязуць, а потым нам выстаўляюць прэтэнзіі", - адзначыў у сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка.
Паводле інфармацыі ДМК, з моманту ўвядзення расійскім бокам спецыяльных эканамічных мер адносна асобных краін і катэгорый тавараў мытнымі органамі Беларусі праведзена больш за 4,7 тыс. спецыяльных мерапрыемстваў, працазатраты на якія склалі звыш 108 тыс. чалавека-гадзін. Выяўлена 2,2 тыс. адміністрацыйных правапарушэнняў, узбуджана 30 крымінальных спраў па фактах незаконнага перамяшчэння 25 тыс. т тавараў санкцыйнай групы.