9 мая, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. У Беларусі будуць і далей падтрымліваць развіццё невялікіх вёсак. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі ўдалося прывесці ў парадак буйныя населеныя пункты, аграгарадкі. Цяпер справа за невялікімі вёскамі. "Іх трэба прыводзіць у парадак. І калі людзі будуць там жыць, мы абавязкова мадэрнізуем, адрамантуем інфраструктуру для іх, - сказаў Прэзідэнт. - Мы будзем рабіць гэта па усёй краіне".
Пытанне, адрасаванае беларускаму лідару, датычылася, у прыватнасці, Віцебскай вобласці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты рэгіён патрабуе павышанай увагі, таму што там такіх маленькіх вёсак больш, чым у любой іншай вобласці. Кожны з такіх населеных пунктаў, у якім бывае літаральна па тры-чатыры дамы, аднавіць, можа, і не атрымаецца. "Але трэба зрабіць усё для таго, каб нармальна жылі сем'і, у якіх ёсць дзеці. Трэба іх падвезці ў школу - значыць, будзем падвозіць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Будзем усё рабіць для таго, каб гэтыя вёсачкі аднавіць, падвядзём дарогі. Мы на гэта і нацэлілі нашу праграму па развіцці сеткі мясцовых дарог", - сказаў Прэзідэнт. З гэтага года мясцовым дарогам у Беларусі будзе ўдзяляцца павышаная ўвага, чакаецца, што на працягу трох-чатырох гадоў яны будуць поўнасцю прыведзены ў парадак.