17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сферу ЖКГ нельга падзяліць на кускі і прыватызаваць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час размовы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Лічу, што нельга гэту сферу (жыллёва-камунальнай гаспадаркі. - Заўвага БЕЛТА), прынамсі цяпер і ў бліжэйшым будучым, падзяліць на кускі і прыватызаваць. Там бізнес не атрымае жаданых вынікаў, калі працаваць сумленна і пад кантролем, а тое, што трэба пад кантролем трымаць усе гэтыя праблемы, вы добра разумееце, таму што гэта датычыцца кожнага - і журналіста, і настаўніка, і ўрача", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што Беларусь не пайшла па шляху прыватызацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а пачала ўдасканальваць сістэму. Была створана рабочая група, якая пачала займацца разлікам кошту паслуг. "Мы вылічылі сярэднюю цану, і я ўказам зацвердзіў кошт паслуг. І ніхто, акрамя Прэзідэнта, гэта змяніць не можа. Аказалася, што калі раней людзі пакрывалі 30 працэнтаў кошту паслуг ЖКГ, а 70 працэнтаў кампенсаваў бюджэт, то адразу пасля гэтых разлікаў аказалася, што насельніцтва пакрывае 52 працэнты. Амаль у два разы. А ўявіце, што ў вашых прыватнікаў творыцца, хто іх кантралюе?" - сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка не выключыў змянення зацверджанага кошту, але калі гэта і будзе зроблена, то на падставе дакладных разлікаў з улікам сітуацыі.
"МВФ патрабуе - сёння 75 працэнтаў, а заўтра 100 працэнтаў павінна насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ, тады яны дадуць крэдыт. Добра, сёння 100 працэнтаў зробім, а заўтра будуць дзікія неплацяжы, людзі проста не змогуць заплаціць. І гэтым самым пачнём знішчаць тых, хто аказвае паслугі. Таму тут трэба ісці вельмі акуратна", - лічыць Прэзідэнт.
Ён нагадаў аб рашэнні кожны год паднімаць кошт ЖКП не больш як на $5 у эквіваленце. "У будучым годзе я дакладна ведаю, і народ ведае, што жыллёва-камунальныя паслугі падаражэюць на $5. Тады будзе не 52 працэнты, а, можа, 58 працэнтаў пакрыццё. І вось так павольна мы будзем ісці. І калі раптам адбудзецца нейкі нечаканы абвал, інфляцыя вырасце і іншае, мы палічым, і Прэзідэнт указам зацвердзіць. І ніякага шарлатанства тут быць не павінна і не будзе", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама кіраўнік дзяржавы расказаў, што на прыкладзе Мінска адпрацоўваецца новая сістэма жыллёва-камунальнай гаспадаркі. "Мы ў немцаў нешта падгледзелі, у іншых. Бачым, што ў немцаў паслугі па некалькіх дамах аказвае хаус-майстар - адзін прафесійны чалавек, кожны чалавек у доме ведае, у каго запытаць. Ён адказвае за гэты дом. Цяпер мы вядзём гэту рэформу, паглядзім, што атрымаецца, і распаўсюдзім некаторыя элементы на ўсю краіну. Трэба выпрацаваць сістэму і парадак", - падкрэсліў Прэзідэнт.