10 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў беларусам аддаваць перавагу пры куплі таварам і прадукцыі айчыннай вытворчасці. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння ў час сустрэчы з калектывам ЗАТ "Атлант" і ўдзельнікамі студатрадаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнта спыталі, ці карыстаецца ён дома бытавой тэхнікай "Атлант". У адказ кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што сам, безумоўна, не займаецца выбарам бытавой тэхнікі, але ў яго ёсць пральная машына "Атлант", якую Прэзідэнту падарылі на прадпрыемстве, калі запускалі вытворчасць гэтага віду прадукцыі. Да гэтага часу, паводле яго слоў, яна працуе спраўна і без рамонту. "Я вельмі адданы сваёй дзяржаве і народу чалавек, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я за тое, каб халадзільнікі, пральныя машыны былі з нашага завода "Атлант", вельмі ганаруся гэтай прадукцыяй і даўно, некалькі дзясяткаў гадоў, знаёмы з ёю".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на такую значную перавагу айчыннай тэхнікі, як хуткае і эфектыўнае гарантыйнае абслугоўванне. Гэта датычыцца як бытавой тэхнікі, так і больш складанай - сельскагаспадарчай, легкавых аўтамабіляў. Раней узнікалі складанасці з іх сэрвісным абслугоўваннем, але па меры таго як павялічваецца лакалізацыя вытворчасці і запчасткі і камплектуючыя вырабляюцца ў Беларусі, гэтыя праблемы вырашаюцца.