29 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Рэалізацыя кітайска-беларускага праекта "Індустрыяльны парк "Вялікі камень" можа прынесці мільярдныя даходы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 студзеня ў час адкрытага дыялогу з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова наведваў Кітайскую Народную Рэспубліку, у тым ліку яшчэ да свайго прэзідэнцтва. Больш таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі вопыт яшчэ калі быў дэпутатам парламента, калі выбіралі курс развіцця краіны. Але тады гэта прапанова была жорстка раскрытыкавана.
"І што адбываецца праз больш як 20 гадоў? Кітай - гэта імперыя, гэта другая эканоміка ў свеце, гэта першая краіна па экспарце. Гэта дзяржава, якая сёння фактычна забяспечыла шматпалярнасць у свеце, і гэта вельмі важна, - лічыць Прэзідэнт. - Я заўсёды гаварыў аб тым, што Кітайская Народная Рэспубліка - гэта дружалюбная нам дзяржава. Беларусь ганарыцца сваімі адносінамі з такімі краінамі, як Расія, Кітай, Індыя і іншымі. Гэта нашы сябры, якія заўсёды гатовы падставіць плячо".
Аляксандр Лукашэнка высока ацаніў беларуска-кітайскія адносіны. У якасці аднаго з пазітыўных прыкладаў ён назваў кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". "Гэта мільярды, у якіх зацікаўлены Кітай, у прыватнасці, у будаўніцтве там суперсучасных прадпрыемстваў, і гэта мільярды даходаў у нашу краіну. Калі мы рэалізуем гэты праект, тады ў нас не будзе праблем ні з золатавалютнымі рэзервамі, ні з падтрыманнем курса нацыянальнай валюты", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён таксама сказаў, што ў бліжэйшы час тэма стварэння парка будзе разглядацца на ўзроўні Прэзідэнта.
Ён падзякаваў кітайскаму боку за дапамогу і падтрымку ў складаны для Беларусі перыяд. Прэзідэнт сказаў, што і папярэдні кіраўнік КНР, і цяперашні Старшыня Кітая Сі Цзіньпін падтрымлівае курс на развіццё сувязей з Беларуссю. Дарэчы, Кітай выдзеліў Беларусі крэдытаў на суму амаль $15 млрд для рэалізацыі сумесных праграм, прычым пад прымальныя працэнты.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб заяве кітайскага кіраўніцтва, што Кітай не дасць у крыўду Беларусь, будзе яе падтрымліваць. "Я ўдзячны Кітаю за той узровень адносін, які ў нас склаўся", - сказаў Прэзідэнт.