29 ліпеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг крытычных заўваг наконт залішняй траты сродкаў на бягучы рамонт аўтадарог. Аб гэтым ён заявіў сёння ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы цяпер зноў пачалі ўкладваць асфальт на кальцавой дарозе. Мала таго, што вы пробкі там арганізавалі, людзям не праехаць (вы ж не можаце працаваць, калі меншы паток транспарту)... Даўно пара паглядзець, куды мы бюджэтныя грошы ўкладваем, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Я еду па той трасе. Яна яшчэ больш-менш нармальная. Можа, некалі яе і трэба перакласці. Але ў нас жа ўсё ў адпаведнасці з планам. Запланавана праз сем гадоў яе перакласці, і, якая яна ні была б, усё роўна яе перакладуць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праводзіць работы і, адпаведна, траціць на гэта сродкі неабходна зыходзячы з рэальнай сітуацыі, і калі ў рамонце больш мае патрэбу нейкая іншая дарога, то перакінуць сілы менавіта на яе. "А там яшчэ год пацерпіць. Па-гаспадарску трэба да ўсяго падыходзіць Вы траціце грошы не туды, куды трэба. У нас няма лішніх грошай. Трэба глядзець менавіта туды, дзе сёння мы не можам абысціся", - заявіў Прэзідэнт.