24 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Рэха Масквы" Аляксею Венядзіктаву расказаў падрабязнасці перагавораў з Расіяй па пастаўках нафты і газу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Журналіст спытаў аб стаўленні Аляксандра Лукашэнкі да таго, што апошнім часам пасля сустрэч з Уладзімірам Пуціным у расійскіх СМІ склаўся вобраз Прэзідэнта Беларусі як чалавека капрызнага.
"У чым заключаецца мой капрыз? У тым, што я сёння нават не таргуюся - вяду перагаворы? - адказаў кіраўнік дзяржавы. - Не з маёй падачы вы вынеслі на ўзровень прэзідэнтаў гэтыя пытанні (аб паглыбленні інтэграцыі, што і стала прадметам некалькіх сустрэч двух прэзідэнтаў. - Заўвага БЕЛТА). Я часта крытыкаваў урад Расіі: вы выносіце гэтыя пытанні на наш узровень, і мы перад Новым годам замест таго, каб сустрэцца з маім блізкім сябрам Уладзімірам Уладзіміравічам Пуціным, узяць чарку гарэлкі або самагонкі (я прывязу з Белавежскай пушчы), выпіць і паціснуць адзін аднаму рукі, мы пачынаем сабачыцца. Дык гэта ж маё жыццё сёння! Як можна арганізаваць эканоміку, калі нам гавораць: $152 павінна быць цана на газ!"
Калі Беларусь згодзіцца з умовамі па цане на газ, якія выстаўляе Расія, то будзе вымушана шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі, як гэта зрабіла, напрыклад, сама ж Расія, пачаўшы будаўніцтва "Паўночнага патоку" пасля ўзнікнення праблем з транзітам газу праз Украіну. "Я гэтак жа зраблю: буду шукаць альтэрнатыву (яе ўсё роўна трэба шукаць). Я гэтага ад кіраўніцтва Расіі не ўтойваю", - адзначыў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў беларуска-расійскіх адносінах ужо была праблемная сітуацыя ў пастаўках нафты і газу, Беларусь знайшла альтэрнатыву, у прыватнасці, у Венесуэле.
У якасці магчымых варыянтаў цяпер Беларусь разглядае рэверсныя пастаўкі нафты на свае сучасныя, цалкам мадэрнізаваныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Аднак гэта можа прывесці да скарачэння транзітных магчымасцей Расіі па пастаўках нафты праз Беларусь у іншыя краіны.
"Гучыць як пагроза", - адрэагаваў на такія разважанні Аляксей Венядзіктаў. "А навошта вы мяне заганяеце у вырашэнне гэтага пытання такім чынам? - парыраваў Аляксандр Лукашэнка. - Я гэтага не хачу".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь з'яўляецца трэцім пасля Германіі і Італіі спажыўцом расійскага прыроднага газу. "Мы шмат газу ў вас купляем. Вы хочаце гэты рынак страціць? Не, неразумна было б", - сказаў ён.