12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія нацэлены на развіццё ўласных кампетэнцый і справяцца на фоне адыходу ад супрацоўніцтва шэрага замежных кампаній. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў пры разглядзе кадравых пытанняў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы з Прэзідэнтам Пуціным цвёрда дамовіліся. Сышлі - ідзіце. Мы будзем развіваць свае кампетэнцыі, сваю вытворчасць самі. І мы справімся. Ужо ў Расіі запусцілі вытворчасць нам знаёмых "Масквічоў", "Жыгулёў" (цяпер Lada). ГАЗ будзе вырабляць "Волгі". Вы памятаеце, гэта брэнд наогул быў у Савецкім Саюзе. Яны будуць на больш высокім узроўні. Мы "Джылі" вырабляем. Я гавару пра аўтамабілі, якія насельніцтву патрэбны. Не начальнікам. Начальнікам вунь "Аўрус" яны зрабілі. Вось чыноўнікі і начальнікі будуць ездзіць. Хутка давядуць гэту машыну. Будзе не горшая за "Мерседэс", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца грузавога аўтатранспарту, то ў Беларусі і Расіі выпускаюць такія брэнды, як МАЗ і КАМАЗ. Таксама ў наяўнасці вытворчасці трактароў, машын і механізмаў для патрэб сельскай гаспадаркі.
"Таму калі нехта сыходзіць, няхай сыходзіць. Нікога не трымайце. Але адразу ж бярыце ў рукі гэта прадпрыемства. Не чакайце, што тут вам Галоўчанка з Сергяенкам (прэм'ер-міністр і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Заўвага БЕЛТА) нейкія ўказанні дадуць і памяняюць форму ўласнасці. З гэтага моманту гэта ваша ўласнасць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.