4 лютага, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведвае сёння з рабочай паездкай Добруш, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта па тэхнічным перааснашчэнні Добрушскай папяровай фабрыкі "Герой працы". Тут яшчэ ў 2012 годзе пачалі будаваць завод па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону з аб'ёмам вытворчасці 200 тыс. т кардону ў год, але работы так і не былі завершаны. Аб'ект закансерваваны.
У мінулым годзе Савет Міністраў зацвердзіў схему завяршэння праекта асобнымі пускавымі комплексамі з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый у якасці падрадчыкаў па кожным напрамку. Завод плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2020 годзе, а ў 2022-м ён павінен выйсці на праектную магутнасць.
Першапачаткова чакалася, што інвестпраект па перааснашчэнні фабрыкі будзе завершаны ў 2015 годзе. Аднак гэта не было зроблена, паколькі кітайскі генпадрадчык кампанія "Сюань Юань" не раз зрывала тэрміны з-за праблем з фінансаваннем. У 2018 годзе кантракт з ёй быў скасаваны.
Агульны кошт завода складаў амаль $350 млн. З пачатку рэалізацыі праекта генпадрадчыку было заплачана больш як $265 млн. Астатак крэдытных рэсурсаў застаўся нявыкарыстаным па хадайніцтве Міністэрства фінансаў быў залічаны Дзяржаўным банкам развіцця Кітая ў кошт пагашэння асноўнага доўгу.
Цяпер завод гатовы прыкладна на 95 працэнтаў. Для завяршэння работ неабходна $83 млн. Палову гэтых грошай неабходна заплаціць аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая павінна заняцца запускам асноўнай тэхналогіі. Астатнія сродкі будуць патрачаны на запуск энергакомплексу, ачышчальных збудаванняў і водападрыхтоўкі, агульнабудаўнічыя і праектныя работы, дазакупку абсталявання.
Вывучыць неабходнасць аказання дзяржаўнай падтрымкі ў адносінах да некалькіх праблемных інвестыцыйных праектаў, у тым ліку завода ў Добрушы, Аляксандр Лукашэнка даручыў на адпаведнай нарадзе ў снежні мінулага года. Ён падкрэсліў, што нельга раскідвацца сродкамі і патрэбны гарантыі, што праз некаторы час прадпрыемствы зноў не звернуцца па дапамогу.
У канцэрне "Беллеспаперапрам" растлумачылі, што ўвод у эксплуатацыю гэтага завода дасць магчымасць значна павялічыць аб'ём вытворчасці імпартазамяшчальнай кардоннай прадукцыі, з якой можна зрабіць шырокі асартымент папяровай упакоўкі.
"Улічваючы адсутнасць у Беларусі і Расіі вытворцаў аналагічнага высакаякаснага кардону, варта чакаць значнага павелічэння аб'ёмаў яго перапрацоўкі для патрэб харчовай, лёгкай, медыцынскай, парфумернай і паліграфічнай прамысловасці, - адзначылі ў канцэрне. - Таму выпуск кардону ў Беларусі - гэта ў першую чаргу вялікія магчымасці па развіцці новых вытворчасцей, якія спецыялізуюцца на выпуску экалагічнай упакоўкі, а па-другое - значны ўклад у павелічэнне экспарту цэлюлозна-папяровай галіны Беларусі".