3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанне пра будаўніцтва БелАЭС не трэба палітызаваць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я літоўцам гавару: навошта вы ваюеце супраць нас? Мы ж не крычым, што ў вас небяспечная Ігналінская станцыя, якую вы закрываеце. Не дай бог што здарыцца, гэта ж горшая станцыя ў свеце! Мы вас разумеем і не крычым", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што БелАЭС гатова прыняць на работу літоўскіх спецыялістаў, якія вызваліліся, сюды гатовы прыехаць і пераязджаюць працаваць мноства людзей. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусі электраэнергію гатовы прадаць Літве па нармальных цэнах. "Яны згаджаюцца, а потым на публіцы пачынаюць палітызаваць гэта пытанне. Але палітыку трэба проста адкінуць і забыць. Эканоміка сваю справу зробіць: калі з'явіцца танная электраэнергія, тады мы і дамовімся", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах і агрэгатах станцыі ўжо ўдалося аптымізаваць затраты на сотні мільёнаў долараў, сказаў ён. "Сямашка (намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. - Заўвага БЕЛТА) адказвае за кожны болт і гайку", - запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што станцыю будуе Расія - ядзерная краіна. І ў яе інтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый - самае бяспечнае. Беларусь жа зацікаўлена ў бяспечнасці гэтай АЭС больш, чым хтосьці: у постчарнобыльскай краіне людзі ставяцца да пытанняў бяспекі вельмі сур'ёзна. Таму калі здарыўся выпадак з рэактарам, без размоў было прынята рашэнне яго замяніць, нагадаў кіраўнік дзяржавы.