1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе стварыць ва Узбекістане прамысловы комплекс па выпуску беларускай тэхнікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прапануем рэалізаваць ва Узбекістане маштабны праект з высокай ступенню лакалізацыі па стварэнні комплексу для выпуску грузавой, спецыяльнай і прычапной тэхнікі, аўтобусаў на газаматорным паліве. МАЗ гатовы ўдзельнічаць у гэтым праекце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён дадаў, што ў Беларусі паспяхова апрабаваны камбайны на газаматорным паліве. Гэта тэхніка мае вялікія перавагі: затраты на яе эксплуатацыю ніжэйшыя на 40 працэнтаў. "Мы ў Беларусі будзем гэтым займацца. Хацелася б, каб гэты вопыт быў і ў нашых сяброў ва Узбекістане", - дадаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, прынцыпова важным застаецца пытанне эфектыўнай рэалізацыі беларуска-ўзбекскіх праектаў, паколькі не атрымалася пакуль што ажыццявіць усе прапановы, якія абмяркоўваліся раней. "Можа быць, гэта і нармальна. Таму мы і праводзім перагаворы па чарзе кожны год", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Напрыклад, у мінулым годзе ў Ташкенце адкрылі завод па вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі "Амкадор-Агратэхмаш". Аднак работа прадпрыемства паказала, што ёсць праблемы з рэалізацыяй прадукцыі і ўключэннем яе ў праграмы дзяржаўнай падтрымкі. Гэта пытанне прэзідэнты абмеркавалі ў час перагавораў у вузкім складзе. "Нам трэба разам знайсці рашэнні, якія выведуць гэты завод на поўную моц. У гэтым зацікаўлены абедзве дзяржавы", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
З улікам вытворчасці трактароў МТЗ на Ташкенцкім заводзе сельскагаспадарчай тэхнікі беларускі бок лічыць магчымым распрацаваць доўгатэрміновую праграму супрацоўніцтва і стварыць сумеснае прадпрыемства. "Мы прасілі б, каб быў выдзелены зямельны ўчастак у Зангіяцінскім раёне Ташкенцкай вобласці ў мэтах арганізацыі сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні трактароў для дылера ААТ "МТЗ" ва Узбекістане", - сказаў Прэзідэнт.
Пачаў работу па адкрыцці ва Узбекістане зборачных вытворчасцей і Мінскі аўтамабільны завод, ён супрацоўнічае з дзвюма ўзбекскімі прыватнымі кампаніямі. "Хацелася б, каб і па сертыфікацыі нашых шасі пытанне таксама было вырашана. Думаю, што вялікіх праблем не будзе", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.