22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам старшыню Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка і памочніка Прэзідэнта - інспектара па Гродзенскай вобласці Юрыя Караева, прапанаваў пабудаваць у Гродзенскай вобласці прадпрыемствы па перапрацоўцы драўніны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў кіраўніцтва рэгіёна, як адчувае сябе рэальны сектар эканомікі, асабліва ва ўмовах санкцыйнага націску з боку Захаду. "Санкцыі ж ніхто не адмяняў. Яны нас усё душаць, душаць, спрабуюць зацягнуць пятлю, якую на шыю накінулі. Таму якая сітуацыя? Якая патрэбна падтрымка?" - спытаў Прэзідэнт.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на экспарце прадукцыі. Ён адзначыў, што ў гэтым годзе сітуацыя на знешніх рынках для беларускіх прадпрыемстваў складваецца нядрэнна. Падмогу аказала і правільна выбудаваная палітыка па рабоце прадпрыемстваў у перыяд пандэміі, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Калі б закрыліся, не было б гэтага. А цяпер, паглядзіце, Еўропа зноў пачала лакдаўны ўводзіць. Няхай уводзяць. Тое, што ў нас ёсць ім прадаць, мы прададзім. Я не злараднічаю ў гэтым плане, трэба людзям дапамагаць, нікуды не дзенешся. Сёння мы дапамаглі некаму, заўтра ён нам дапаможа. Таму трэба дапамагаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Гаворачы аб інвестыцыях і новых праектах, кіраўнік дзяржавы прапанаваў звярнуць увагу на дрэваапрацоўчую галіну. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што некалькі гадоў таму ў Беларусі пачалі мадэрнізацыю гэтых вытворчасцей, нядаўна ўраду было даручана прапрацаваць варыянты будаўніцтва новых прадпрыемстваў: існуючыя не спраўляюцца з перапрацоўкай усёй сыравіны. "Нам трэба перапрацаваць усё, што патрэбна. Лес перастойвае, і такога лесу сёння нямала, - адзначыў ён. - Таму дрэваапрацоўку трэба развіваць, тым больш мы гэта ўмеем рабіць добра і попыт на гэта ёсць і будзе заўсёды".
"Вам таксама трэба паглядзець. Пару такіх прадпрыемстваў па перапрацоўцы драўніны трэба пабудаваць, - лічыць Прэзідэнт. - Ад пелет да мэблі - мы ўсё можам вырабіць. А на поўдзень ад нас лесу няма - увесь свет будзе карыстацца прадукцыяй дрэваапрацоўкі, нікуды не дзенуцца. Гэта ж і дамы, і жыллё, і мэбля і гэтак далей".