29 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае значэнне Мінскага трактарнага завода, які з'яўляецца брэндам краіны. Аб гэтым ён заявіў сёння, сустракаючыся з работнікамі прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я перш за ўсё хачу вас усіх павіншаваць з днём нараджэння (прадпрыемства. - Заўвага БЕЛТА). Гэта цудоўны завод, твар нашай краіны, гэта брэнд", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што галоўнае ў вытворчасці - забеспячэнне высокай якасці прадукцыі. І ў гэтым залог далейшага развіцця і дабрабыту як самога завода, так і яго работнікаў. "Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна - якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і жорсткае патрабаванне да вас усіх", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды лепш у сябе на радзіме, менавіта тут грамадзяне і іх праца заўсёды будуць запатрабаваныя. "Беражыце сваё прадпрыемства. Мы будзем рабіць усё для таго, каб вы працавалі. Будзем глядзець, як у вас будуць ісці справы. Былы міністр, цяпер кіраўнік вашага завода (Віталь Воўк. - Заўвага БЕЛТА), ён жа цудоўна ведае, што ёсць у нас яшчэ і БелАЗ. У свой час кіраваў ім Герой Беларусі Марыеў (Павел Марыеў. - Заўвага БЕЛТА). Не ў тым справа, што на вашым заводзе дырэктар не Герой Беларусі. Але для таго, каб стаць героем, ён павінен рэалізаваць тую амбіцыйную праграму", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Таму жывіце. Не перажывайце. Ваша справа - працаваць. А ўлада, члены ўрада, кіраўніцтва прадпрыемства павінны зрабіць так, каб у вас былі ўмовы для работы", - падкрэсліў беларускі лідар.
На прадпрыемстве кіраўнік дзяржавы знаёміцца з мадэльным радам выпускаемай сучаснай тэхнікі, тэхналагічным працэсам зборкі трактароў. Знамянальна, што менавіта 29 мая спаўняецца 74 гады з даты заснавання Мінскага трактарнага завода.
ААТ "МТЗ" уваходзіць у дзясятку сусветных вытворцаў адпаведнай тэхнікі. Амаль 90 працэнтаў трактароў рэалізуецца на экспарт. Больш як 15 тыс. чалавек працуюць у ААТ "МТЗ", яшчэ 7,5 тыс. чалавек - на прадпрыемствах холдынга.