5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву холдынга "Гарызонт" падкрэсліў правільнасць прынятага раней рашэння аб захаванні і развіцці прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што яшчэ ў пачатку прэзідэнцтва адбыўся яго візіт на "Гарызонт", калі давялося вырашаць лёс прадпрыемства, якое апынулася ў цяжкай сітуацыі пасля распаду Савецкага Саюза. "Я ўспамінаю гэты перыяд, калі давялося прымаць складаныя, цяжкія рашэнні, і тое, што мы не прадалі, не аддалі за ваўчары і іншае, жулікам ва ўласнасць не аддалі. Захочаце калі-небудзь (без мяне, вядома) прадацца - прадавайцеся. Але я не маю намеру прадаваць "Гарызонт". Я наадварот лічу, што трэба развівацца, пашыраць вытворчасць. Таму што ў цяжкія часы прыватнік: "А, прыбытак там слабенькі, кінем яго". Людзі - на вуліцы. Калі дзяржава за спінай стаіць, тады ёсць нейкае развіццё", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэта вялікая вытворчасць, гэта імідж нашай краіны. "Гарызонт", "Віцязь" у савецкі час... "Гарызонт" - гэта наогул завоблачная была кампанія. Добра, што захавалі яе, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Не шкадую, што захаваў гэту вытворчасць".
Прэзідэнт таксама пазітыўна выказаўся пра з'яўленне на "Гарызонце" інавацыйнага цэнтра, дзе працуюць у тым ліку і ІТ-спецыялісты, распрацоўшчыкі. Пры гэтым яны ствараюць уласную прадукцыю, робячы "Гарызонт" сучаснай прадукцыйнай кампаніяй. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што апошнім часам у сферы ІТ-тэхналогій, разам з Паркам высокіх тэхналогій, з'явіліся і іншыя цэнтры кампетэнцый, і гэта стварае добрыя ўмовы для здаровай канкурэнцыі. Паводле яго слоў, цэлы пласт маладых, перспектыўных спецыялістаў у ІТ з'явіўся і ў Нацыянальнай акадэміі навук, і на вытворчых прадпрыемствах. "Патрэбна была ў краіне альтэрнатыва, і вы з'яўляецеся добрай альтэрнатывай", - сказаў беларускі лідар.
Гаворачы пра фінансава-эканамічную дзейнасць "Гарызонта", кіраўнік дзяржавы адзначыў наяўнасць у холдынга ўласных рынкаў збыту і добрыя паказчыкі работы нават у няпростай сітуацыі, звязанай з пандэміяй каранавіруса. Прэзідэнт яшчэ раз звярнуў увагу на правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць вытворчасць нават у складанай эпідэміялагічнай абстаноўцы. Некаторыя айчынныя прадпрыемствы скарысталіся сітуацыяй і павялічылі пастаўкі на рынкі іншых краін, дзе заводы вымушана стаялі. Напрыклад, завод "Атлант", куды таксама прыязджаў Прэзідэнт, значна нарасціў пастаўкі халадзільнікаў у Расію. Падобная сітуацыя і на "Гарызонце".
"Крызіс - гэта заўсёды час магчымасцей. Гэта не толькі праблемы і беды. Вы скарысталіся гэтымі магчымасцямі, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Вы працуеце сёння дзень і ноч, попыт ёсць, на складзе ніякіх залежаў няма. І гэта тая вялікая справа, якую вы зрабілі. У гэтым плане мы прайшлі гэты перыяд і аказаліся ў выйгрышы". У адрозненне ад іншых дзяржаў Беларусь, дзякуючы своечасова прынятым рашэнням кіраўніцтва краіны, завяршыла 2020-ы з мінімальным зніжэннем ВУП, ён захаваўся практычна на ўзроўні 2019 года. Паводле слоў Прэзідэнта, валавы ўнутраны прадукт у Беларусі па выніках 2020 года чакаецца на ўзроўні 99,5 працэнта да паказчыкаў 2019-га, усяго толькі на паўпрацэнта менш.