Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

18 Ліс 2022

Лукашэнка пра аграсектар: санкцыі для нас - час каласальных магчымасцей

Лукашэнка пра аграсектар: санкцыі для нас - час каласальных магчымасцей

18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае, што санкцыйны перыяд з'яўляецца часам каласальных магчымасцей для сельгасвытворчасці. Аб гэтым ён заявіў на цырымоніі ўшаноўвання працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не будзем расслабляцца. Ёсць яшчэ над чым папрацаваць. І самае галоўнае - за што адказвае ўрад і віцэ-прэм'ер - добра прадаць сваю прадукцыю. Напэўна, сёння ўжо толькі лянівы са мной не згодны, што гэтыя так званыя санкцыі для нас - час каласальных магчымасцей. Абяцаю вам: дакладна такога часу ў вас больш не будзе. Даражыце кожнай капейкай, укладзіце яе туды, куды трэба. Каб атрымаць яшчэ большую аддачу ў сельскагаспадарчай вытворчасці", - заклікаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час быў некаторы перакос, калі многае ў вёсцы было зроблена ў сацыяльным плане, але адстала вытворчая база. "Дык вось мы на сённяшні дзень падцягнулі і вытворчую базу. Падцягнулі. Яшчэ ёсць над чым працаваць. І на працягу гэтага года дамовіліся аб дзясятках малочнатаварных комплексаў, якія мы павінны пабудаваць у снежні і будучым годзе. Як ніколі крыніцы фінансавання вызначаны. І калі мы вырашым гэту праблему, а яшчэ дай бог укамплектуеце нармальнай жывёлай нашы комплексы, мы значна прыбавім у сельгасвытворчасці", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для Беларусі заўсёды было вострай праблемай, куды рэалізаваць вырабленую прадукцыю. "Нават суседняя наша родная дзяржава не заўсёды прапускала нашу прадукцыю на свой рынак. Сёння час сур'ёзна змяніўся. Сёння ўжо няма куды дзяваць еўра і долары, а вось расійскі рубель наадварот. Таму што мы за яго купляем усё неабходнае, што нам трэба для вёскі. Я маю на ўвазе нафтапрадукты, прыродны газ", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь атрымлівае энергарэсурсы па цане ў разы ніжэйшай, чым "прагрэсіўныя дэмакратычныя" краіны Заходняй Еўропы. Такім чынам, айчынны АПК мае значную канкурэнтную перавагу. "У нас ёсць велізарны рынак. Амаль кожны тыдзень дае справаздачу Леанід Канстанцінавіч Заяц (віцэ-прэм'ер, які курыруе сферу АПК. - Заўвага БЕЛТА) аб продажах. Я яму задаю адно пытанне: а калі б больш было сёння прадукцыі, ты б яе прадаў? Ён гаворыць так, па-вясковаму: са свістам!" - расказаў кіраўнік дзяржавы.

"Гэта самае галоўнае, калі ёсць рынак, куды ты можаш паставіць сваю сельгаспрадукцыю. І прытым выключна маржынальны рынак. Цэны, якіх не ведала сельская гаспадарка наогул. Скарыстайцеся гэтым часам, - заклікаў беларускі лідар. - А міністры, члены ўрада, прэм'ер-міністр, вышэйшыя службовыя асобы, ды і я ў тым ліку, мы вам драмаць не дадзім. Трэба выкарыстоўваць гэты час, каб падняць нашых сялян. Каб яны дастойна жылі. У добрых умовах, у добрых дамах. Каб іх дзеткі мелі магчымасць, як і ўсе ў гарадах, у тым ліку ў Мінску, атрымаць добрую адукацыю, скончыць ВНУ. І як руплівыя гаспадары, будучыня, рэзерв нашых кадраў - заняць дастойнае месца ў нашым грамадстве. Пагадзіцеся, сяляне, работнікі АПК гэта заслужылі. Давайце зробім усё дзеля нашых дзяцей".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі