4 лістапада, Пухавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер у бліжэйшы час абмеркаваць са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам удзел Кітая ў далейшым развіцці БНБК. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы расказаў на цырымоніі афіцыйнага запуску вытворчасці камбікармоў і амінакіслот Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі ў Пухавіцкім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Асабліва хачу падзякаваць свайму добраму даўняму сябру Сі Цзіньпіну. Не было б яго рашэння… Гэта было валявое рашэнне. Усё залежала ад Старшыні КНР. І калі ў мяне з ім былі перагаворы, я проста па-чалавечы, па-сяброўску папрасіў, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вялікая ўдзячнасць гэтаму чалавеку за тое, што аказаў падтрымку".
Але на гэтым рэалізацыя праекта БНБК не завершана. Наперадзе яшчэ трэцяя і чацвёртая чэргі. На прадпрыемстве маюць намер стварыць вытворчасць лякарстваў і медыцынскіх прэпаратаў. "Тут павінен вырасці цэлы кластар, велізарнае аб'яднанне", - адзначыў Прэзідэнт.
"У вас перспектыўны тут раён. І я хачу, каб гэты раён быў у асноўным замкнёны на гэту вытворчасць - біятэхналагічную. Таму мы будзем будаваць і трэцюю чаргу. Сёння прапрацавана ўжо гэта пытанне. У бліжэйшы час мы сустрэнемся са Старшынёй КНР і канчаткова дамовімся па трэцяй чарзе, - заявіў беларускі лідар. - І такая вось шалёная думка, каб вы выйшлі яшчэ і на чацвёртую чаргу. Яна ўжо закладзена ва ўсіх вашых вытворчасцях. Таму мы дамовіліся аб тым, што мы пабудуем гэты завод і будзем вырабляць тут ужо лякарствы. Вось такі вось кластар павінен быць створаны на гэтых землях".