25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перапрацоўка азербайджанскай нафты на беларускіх заводах уяўляе вялікі інтарэс. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву Trend, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
"Арганізаваўшы гэту работу, мы атрымаем магчымасць значна пашырыць узаемадзеянне ў хімічнай галіне, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У прыватнасці, гэта могуць быць і ўзаемныя пастаўкі сыравіны, і наладжванне цеснай кааперацыі паміж хімічнымі прадпрыемствамі Беларусі і Азербайджана".
Супрацоўніцтва ў энергетычным сектары Аляксандр Лукашэнка назваў адным з прыярытэтных напрамкаў двухбаковага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў кантэксце дыверсіфікацыі крыніц энергарэсурсаў для Беларусі. "У гэтай сферы мы ўжо маем станоўчы вопыт сумеснай работы. Наша рэспубліка яшчэ з часоў СССР мае развіты нафтахімічны комплекс. Гэтыя прадпрыемствы характарызуюцца высокім тэхналагічным узроўнем, глыбінёй перапрацоўкі нафты і якасцю нафтапрадуктаў, што адпавядаюць сусветным стандартам. На знешніх рынках рэалізуецца звыш 70 працэнтаў прадукцыі беларускай нафтахіміі", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, перспектыўным таксама з'яўляецца ўзаемадзеянне ў сферы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. "Дыяпазон узаемавыгаднай работы тут можа быць вельмі шырокі - ад правядзення сумесных навуковых даследаванняў да стварэння сучасных высокаэфектыўных энергаўстановак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.