17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 верасня падпісаў указ нумар 367 "Аб абарачэнні лічбавых знакаў (токенаў)". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дакумент прыняты ў мэтах павышэння абароненасці грамадзян пры правядзенні здзелак з лічбавымі знакамі (токенамі), а таксама выключэння магчымасці ўключэння крыптавалюты ў махлярскую і іншую проціпраўную дзейнасць.
Указ прадугледжвае забарону для фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў - рэзідэнтаў ПВТ, на куплю і продаж крыптавалюты па-за беларускімі крыптабіржамі (крыптаабменнікамі).
Гэта будзе садзейнічаць развіццю празрыстага і кантралюемага абарачэння лічбавых знакаў (токенаў), у першую чаргу крыптавалюты, і прадухіленню вываду з краіны ўкрадзеных з банкаўскіх рахункаў грамадзян грашовых сродкаў шляхам іх абмену на крыптавалюту на замежных крыптапляцоўках.