20 верасня, Карэліцкі раён /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання ААТ "Карэлічы-Лён" падрабязна азнаёміўся з эфектыўнасцю работы прадпрыемства і прадукцыяй, якую яно вырабляе. Кіраўнік дзяржавы пазітыўна ацаніў дзейнасць ільнозавода, тэхналогіі перапрацоўкі лёну, якія тут выкарыстоўваюцца, і даручыў перанесці гэты вопыт на іншыя прадпрыемствы льняной галіны краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнту прадэманстравалі гатовую прадукцыю ААТ "Карэлічы-Лён". Кіраўнік дзяржавы прадэгуставаў ільняны алей і пазітыўна ацаніў яго якасць, звярнуўшы асаблівую ўвагу на карысныя ўласцівасці гэтага прадукту.
Таксама былі прадстаўлены пелеты з ільняной кастрыцы. "Гэта суперпаліва!" - заўважыў Прэзідэнт, падкрэсліўшы экалагічнасць гэтага віду прадукцыі.
Асабліва было адзначана, што на прадпрыемстве наладжана безадходная вытворчасць. "Перапрацоўваць трэба ўсё так, як робіце вы: атрымліваць пелеты з кастрыцы, шпагат, вяроўкі, ільняны алей. Усё гэта трэба адрадзіць, як некалі было", - перакананы кіраўнік дзяржавы.
"Як у Карэлічах, так павінна быць на ўсіх ільнозаводах па ўсёй краіне. Лепш не трэба. Вось гэта зрабіце і ўсё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт паабяцаў пры неабходнасці аказаць падтрымку льнозаводам у пераабсталяванні, у тым ліку фінансавую. "Мы скапіруем гэту сістэму, калі гэта патрэбна, у іншых абласцях", - дадаў кіраўнік дзяржавы.