23 сакавіка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Ніякай прыватызацыі Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання быць не можа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час наведвання завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ніякай прыватызацыі гэтага прадпрыемства быць не можа. Перапрацоўка скураной сыравіны - гэта стратэгічная галіна нашай краіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што і ўдзяляць гэтаму напрамку ў эканоміцы трэба адпаведную ўвагу.
"Мы не можам, які б ні быў добры чалавек, у адны рукі аддаваць усю сыравіну. Вы ж разумееце, да чаго гэта можна прывесці", - дадаў Прэзідэнт. Тым больш, паводле яго слоў, умовы былі не самыя лепшыя для прадпрыемства і дзяржавы.
Раней з прапановай аб прыватызацыі завода ў Гатаве выступіў урад. На яго думку, толькі так можна было вырашыць праблемы на прадпрыемстве. Планавалася, што вытворчасць адыдзе "Белвесту".
Кіраўнік дзяржавы даручыў аказаць неабходную падтрымку заводу ў Гатаве, каб ён змог сканцэнтравацца на сваёй рабоце. Для гэтага трэба падтрымаць прадпрыемства фінансава: выдзеліць каля Br8-9 млн на выплату пратэрмінаванай запазычанасці перад мясакамбінатамі за пастаўленую скураную сыравіну, а таксама $2,5 млн на будаўніцтва ачышчальных збудаванняў. Але і перад самім прадпрыемствам Аляксандр Лукашэнка паставіў канкрэтныя задачы па развіцці вытворчасці.
З мясакамбінатаў - пастаўшчыкоў скураной сыравіны, перапрацоўшчыкаў і прадпрыемстваў - спажыўцоў скуры Прэзідэнт даручыў сфарміраваць своеасаблівую асацыяцыю. Вытворцы скураных вырабаў павінны сарыентаваць завод у Гатаве на выпуск прадукцыі, у якой яны маюць патрэбу і якая іх задавальняла б па ўсіх параметрах, каб у выніку перайсці на спажыванне айчыннай сыравіны.
Пазней, сустракаючыся з работнікамі Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваё рашэнне і раскрыў некаторыя падрабязнасці прапанаванай здзелкі. "Пытанне ў тым, што вашу сыравіну спажываюць у Беларусі 78 прадпрыемстваў: адзенне, абутак і гэтак далей. Урад уносіць прапанову вас прадаць аднаму з іх. Гэта будзе справядліва для астатніх 77? Не. Я веру: чалавек прыйшоў з добрымі намерамі. Гэта сёння, а заўтра, калі ён будзе гаспадаром, ён будзе дыктаваць іншым прадпрыемствам свае ўмовы. Гэта ўжо не раўнапраўная канкурэнцыя", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі дзяржава не спраўляецца з нейкім прадпрыемствам, тады можна пайсці на прыватызацыю. Але ў названым выпадку ў гэтым няма неабходнасці. "Дзяржава можа вырашыць праблемы, якія тут засталіся, - заявіў Прэзідэнт . - Папрасілі прыватызаваць прадпрыемства і прадаставіць вялікія льготы - гэта значыць, падаткі плаціць не будуць. А льготы роўныя той суме, якую мы павінны ўкласці ў мадэрнізацыю? Які ж сэнс? Таму ўсе рашэнні прыняты для таго, каб вы маглі працаваць".
"Старайцеся працаваць і ўтрымліваць гэта прадпрыемства ў сваіх руках. Вашых дзяцей нідзе не чакаюць. Таму зрабіце добрае прадпрыемства, каб тут маглі працаваць вашы дзеці і атрымліваць нармальную зарплату", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Адказваючы на пытанне аднаго з работнікаў прадпрыемства аб імпарце скураной сыравіны, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прымаць тыя ці іншыя меры па абароне ўласнага рынку трэба акуратна, каб не нашкодзіць партнёрскім адносінам з іншымі дзяржавамі. Так, калі забараніць пастаўкі той ці іншай прадукцыі ў Беларусь, напрыклад, з Расіі або Турцыі, то яны могуць гэтак жа адказаць адносна экспартуемых беларускіх тавараў. "Таму майце на ўвазе: трэба настройвацца на канкурэнцыю. Гэта (абарона ўнутранага рынку ад імпарту. - Заўвага БЕЛТА), ведаеце, такая двухбаковавострая зброя. Я ведаю, як умеюць адказваць. І мы не махіна. Мы - сярэднееўрапейская невялікая дзяржава", - падкрэсліў беларускі лідар.
Супрацоўнікі завода таксама падзякавалі Прэзідэнту за вырашэнне пытання па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. "Мы павінны вырашыць гэту праблему. Гэта - галоўнае. У Гатаве ж жывуць людзі. Таму гэта вельмі важнае дзяржаўнае пытанне. Мы паціху, у гэтым годзе, зробім першы крок. А далей пастаянна будзем працаваць, таму што там немалыя грошы , - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што будуць вырашаны і іншыя пытанні, якія ўзнімаюцца грамадзянамі, напрыклад, жыллёвае. "У вас ёсць зараджанасць на работу. Гэта ўжо добра. Да майго прыезду тут пахадзіла шмат людзей. І мне распісалі ўсе вашы настроі. У вас нядрэнны калектыў. Таму вам трэба і дапамагчы, таму што вы некалі вернеце гэта спаўна - падаткамі і інш, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся, што губернатар дапаможа вам пабудаваць жыллё, колькі мы зможам, арэнднага перададзім, а вы наймайце потым людзей: будуць у вас працаваць - будуць жыць у доме. Таму і ў гэтым плане трэба аказаць падтрымку. Так, можна на аўтобусе вазіць аднекуль людзей, але калі падумаць, сабраць усе затраты, то гэта для вашага прадпрыемства будзе даражэй, чым пабудаваць дом. Гэта значыць мы прынялі комплекснае рашэнне".