14 чэрвеня, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць наведаў Аршанскі авіярамонтны завод, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аршанскі авіярамонтны завод - вядучае прадпрыемства Беларусі па капітальным рамонце і мадэрнізацыі верталётаў Мі, абсталявання і сістэм розных тыпаў паветраных суднаў, па тэхнічным абслугоўванні самалёта Іл-76.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з работай прадпрыемства, узорамі авіятэхнікі, рамонтам якой цяпер займаюцца на прадпрыемстве, і будаўніцтвам новага цэха па рамонце дэталей і вузлоў верталётаў і самалётаў. Як расказаў генеральны дырэктар прадпрыемства Павел Случак, яго плануюць увесці ў эксплуатацыю ў 2023 годзе.
"Гэта будзе новая сучасная вытворчасць. Гэта дасць магчымасць нам мінімізаваць усю закупачную частку і стварыць новыя рабочыя месцы, - адзначыў ён. - Маштаб праекта разам з абсталяваннем - прыкладна 32-35 мільёнаў беларускіх рублёў".
Паводле слоў Паўла Случака, праблем з загрузкай у Аршанскага авіярамонтнага завода цяпер няма. Яе дастаткова, каб ён працаваў бясстратна. "На гэты год мы загружаны. Нашы традыцыйныя рынкі - гэта Цэнтральная Азія, Паўднёва-Усходняя Азія, Афрыка, Паўднёвая Амерыка. Ёсць шэраг краін, кантракты з якімі знаходзяцца ў глыбокай ступені прапрацоўкі, таму мы рухаемся далей", - дадаў гендырэктар прадпрыемства.
Размова на прадпрыемстве таксама ішла аб далейшым развіцці аэрадрома Орша. Раней гэтыя тэрыторыі належалі заводу, але ў далейшым частка была перададзена ў валоданне Нацыянальнаму аэрапорту Мінск. Як далажылі Прэзідэнту, аэрадром гатовы прымаць любыя тыпы паветраных суднаў.
"Тут усё будзе дзяржаўнае, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Дзяржаўны завод будзе, ён пашыраецца. Аэрадром - дзяржаўны. Дзяліць тут няма чаго, усё гэта дзяржаўнае".