16 жніўня, Старадарожскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва разабрацца ў рабоце завода "Атлант". Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы яго падшэфную гаспадарку "Шапчыцы-агра" ў Старадарожскім раёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся работай завода, яго фінансавымі паказчыкамі, узроўнем заработнай платы, аб'ёмамі вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Прэзідэнт сказаў, што ў будучым плануе пабываць на "Атланце" і больш падрабязна азнаёміцца з яго работай. "Паглядзім глыбей, што адбываецца. Я хачу паглядзець, што ў нас наогул з "белай" тэхнікай робіцца", - адзначыў ён. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у яго ёсць "унутраная насцярожанасць і боязь" за "Атлант".
Магчыма, прадпрыемству будзе аказана дзяржпадтрымка, каб падштурхнуць яго развіццё. Цяпер гэта пытанне пакуль толькі вывучаецца. "Але з гэтым мы на месцы разбяромся, на "Атланце", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што канкурэнцыя на сусветным рынку расце, на эканамічную сітуацыю ў рэгіёне могуць паўплываць і разлад у адносінах паміж ЗША і Кітаем, таму трэба быць гатовымі да ўсіх складанасцей.
Што датычыцца работы гаспадаркі "Шапчыцы-агра", якую курыруе "Атлант", то за 2015-2019 гады сюды інвесціравана амаль Br4 млн. Тут працуюць больш за 90 чалавек, сярэдняя зарплата складае Br985.
Ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2019 годзе гаспадарка плануе атрымаць Br4,9 млн выручкі (за 2018 год яна склала Br4,7 млн) і забяспечыць рэнтабельнасць малака 46,7 працэнта. Ад прадукцыі раслінаводства выручка чакаецца ў памеры Br500 тыс. з рэнтабельнасцю 20 працэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіяй вытворчасці малака ў гаспадарцы, наведаў некалькі кароўнікаў, у тым ліку з даільна-малочным блокам. У цэлым Прэзідэнт застаўся задаволены работай гаспадаркі. "Тут нядрэнна. Але ў вас (у "Атланта". - Заўвага БЕЛТА) яшчэ раслінаводства і іншыя галіны", - заўважыў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў пытанне аб узнагароджванні лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, дзякуючы якім падымаюцца прадпрыемствы, развіваецца ў цэлым галіна. "Гэтых людзей мы павінны бачыць і падтрымліваць", - сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта прапрацаваць гэтыя пытанні і ўнесці адпаведныя прапановы.