8 верасня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва вывучыць сітуацыю з цэнамі на спажывецкім рынку. Аб гэтым сёння кіраўнік дзяржавы заявіў, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Паўла Калаура, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Павел Калаур праінфармаваў Прэзідэнта, што за сем месяцаў цэны ў Беларусі выраслі на 7,5 працэнта, чакаецца, што за студзень-жнівень прырост складзе не больш за 7,9 працэнта. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што перш за ўсё яго хвалюе цэнаўтварэнне на тавары штодзённага попыту. "Менш мяне - няхай гэта непапулярна - хвалююць тыя людзі, якія па тры, па пяць тэлевізараў куплялі або купляюць, аўтамабілі могуць сабе купіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў аб дадзеным ім ураду даручэнні ўважліва адсочваць цэны на спажывецкім рынку, "каб мы неяк маглі і адміністрацыйна ўздзейнічаць на інфляцыю", але пры гэтым не перабіраючы, каб не атрымаць дэфіцыт тавараў.
У бліжэйшы час кіраўніку дзяржавы будзе даложана аб сітуацыі з цэнамі на спажывецкім рынку. Аляксандр Лукашэнка мае намер дэталёва азнаёміцца са станам спраў - аж да раскладу па асобных таварах.