10 сакавіка, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Дробязныя прыдзіркі да прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі і інвестараў недапушчальныя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па выніках дзейнасці праваахоўных органаў у 2016 годзе і пытаннях аптымізацыі праваахоўнай і судовай сістэм, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Звяртаю ўвагу не толькі пракуратуры, але і ўсіх кантралюючых органаў. Меры адказнасці, што прымяняюцца да парушальнікаў, павінны быць сувымерныя з дапушчанымі парушэннямі, стымуляваць добраахвотнае ўстараненне наступстваў гэтых парушэнняў і кампенсаванне ўрону пацярпелым. Недапушчальныя дробязныя прыдзіркі да прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі і інвестараў, калі залішняя прынцыповасць у пытаннях унясення іскаў і прадстаўленняў па фармальных прыкметах невыканання заканадаўства прыводзіць да прыпынення рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, спынення дзейнасці суб'ектаў гаспадарання. У выніку страчваем падаткаплацельшчыкаў, зніжаем бізнес-прывабнасць краіны і пазбаўляем людзей работы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Асабліва, паводле слоў Прэзідэнта, неабходны ўзважаны падыход пры прыняцці мер рэагавання ў сітуацыях, калі інвестыцыйны праект знаходзіцца ў актыўнай стадыі рэалізацыі, а таксама калі інвестары і іншыя суб'екты гаспадарання добрасумленна выконваюць падатковыя і іншыя сацыяльныя абавязацельствы.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што сёння актыўна абмяркоўваецца і тэма дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў. "Але, выключыўшы іх з Крымінальнага кодэкса, мы можам пакінуць бізнес сам-насам з махлярамі. Таму адначасова з пытаннем дэкрыміналізацыі трэба вывучыць магчымасць аднясення такіх злачынстваў да спраў прыватнага абвінавачання. Такі крок дасць магчымасць адначасова разгрузіць праваахоўны блок і павысіць даступнасць правасуддзя, пры гэтым не дапускаючы разгулу крыміналітэту", - лічыць беларускі лідар