7 красавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Дасягненні навукі не ў поўнай меры працуюць на эканоміку краіны. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы ў Нацыянальнай акадэміі навук на нарадзе аб праблемах і перспектывах развіцця беларускай навукі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў навуковай сферы назбіралася нямала праблем, якія трэба будзе вырашаць. У прыватнасці, ён звярнуў увагу на інертнасць і грувасткасць структуры навуковай сферы, у тым ліку ў НАН, а таксама на недастатковую ролю Нацыянальнай акадэміі ў стратэгічным планаванні і кіраванні ўсёй навукай. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на праблеме нізкага ўзроўню навукаёмістасці валавога ўнутранага прадукту. Ёсць пытанні з нераўнамерным размеркаваннем сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду. У ліку агучаных у час нарады Аляксандрам Лукашэнкам праблем - адсутнасць значных, буйных дзяржаўных кантрактаў на закупку навукова-тэхнічнай і інавацыйнай прадукцыі.
Кіраўнік дзяржавы сказаў аб праблемах у выкананні навуковых даследаванняў, распрацовак, укараненні іх рэзультатаў у вытворчасць і сацыяльную сферу.
Прэзідэнт лічыць недастатковай колькасць распрацовак сусветнага ўзроўню. Ён звярнуў увагу на часта фармальны падыход да фарміравання навукова-тэхнічных і навукова-даследчых праграм. Аляксандр Лукашэнка сказаў і аб незбалансаванасці сістэмы фінансавання дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм. Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць неэфектыўнай работу навуковых арганізацый грамадска-гуманітарнага профілю.
У ліку іншых Прэзідэнт закрануў праблемы ў інавацыйным развіцці эканомікі, сказаўшы аб нізкім узроўні інавацыйнага развіцця прамысловасці, невысокай эфектыўнасці рэалізацыі дзяржпраграм інавацыйнага развіцця. Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі і тэму амаладжэння навуковых кадраў.
"Дасягненні навукі не ў поўнай меры працуюць на вытворчую і сацыяльную сферу, не з'яўляюцца ключавым фактарам эканамічнага росту краіны", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым ён растлумачыў, што агучыў гэтыя недахопы ў навуковай сферы для таго, каб на нарадзе размова ішла не пра самаўсхваленне, а пра тое, што трэба будзе выправіць. У прыватнасці, неабходна выпрацаваць канкрэтныя прапановы па развіцці навуковай сферы - ад сістэмы падрыхтоўкі кадраў да ўкаранення рэзультатаў даследаванняў у эканоміку і сацыяльную сферу.