22 снежня, Дзяржынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на адкрыцці руху па другой Мінскай кальцавой аўтадарозе даручыў распрацаваць план па рэканструкцыі аўтамабільных дарог мясцовага значэння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам вялікая ўвага ўдзяляецца будаўніцтву трас рэспубліканскага значэння, а мясцовыя дарогі прыходзяць у непрыгоднасць. "Робячы ўпор на гэтых асноўных артэрыях (ад гэтага нікуды не дзенешся, іх трэба было аднаўляць), мы сапраўды ўпусцілі дарогі мясцовага значэння", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"У бліжэйшыя месяцы мы збяромся, абмяркуем і прымем рашэнне, як будзем аднаўляць дарогі мясцовага значэння. Кожны аграгарадок (а іх каля 2 тысяч) павінен быць злучаны з раённым цэнтрам. Ад раённых цэнтраў да абласных у нас больш-менш нядрэнныя дарогі, але іх таксама дзе-нідзе трэба прыводзіць у парадак", - сказаў Прэзідэнт.
Плануецца, што грашовыя сродкі для рамонту дарог прадаставіць адзін з банкаў. Вяртаць крэдыт будуць за кошт дзяржаўнай пошліны, якую плацяць грамадзяне за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху.
"Хутчэй за ўсё, мы не будзем распыляць гэтыя сродкі па раёнах. У кожнай вобласці вызначым дарогі, якія будзем аднаўляць, прыводзіць у парадак. Мы павінны губернатарам аддаць гэтыя грошы на канкрэтную дарогу пад іх строгую адказнасць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.- Пакуль не прынята рашэнне, розныя варыянты будзем разглядаць. Але рашэнне прымем у бліжэйшы час".
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве другой кальцавой аўтамабільнай дарогі вакол Мінска і перспектывах развіцця транспартнай інфраструктуры Беларусі, а таксама рэканструкцыі дарогі на ўчастку Астрашыцкі гарадок - Курган Славы (Р80).
Айчынныя будаўнічыя і падрадныя арганізацыі, паводле ацэнак міжнародных экспертаў, выконваюць работы якасна і нядорага, таму могуць удзельнічаць у конкурсах на правядзенне будаўнічых работ, якія фінансуюцца Сусветным банкам, у любой кропцы свету. Цяпер вопыт і навыкі беларускіх спецыялістаў запатрабаваны ў Казахстане, Расіі і Украіне.
Прэзідэнта таксама праінфармавалі аб размяшчэнні інвестыцыйных участкаў і аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу ўздоўж другой кальцавой аўтадарогі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на развіццё і добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый. Паводле яго слоў, аб'екты, што будуюцца, павінны адпавядаць статусу аўтадарог міжнароднага значэння. "Гэта твар нашай краіны, гэта вітрына Беларусі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.