17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія прадпрыемствы па лініі кааперацыі даюць работу 10 млн расіян. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Калі эканоміка Беларусі спыніцца, то заўтра на вуліцу будуць выкінуты 10 млн чалавек у Расіі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы па кааперацыі атрымліваем са многіх расійскіх заводаў камплектуючыя, сыравіну, матэрыялы і гэтак далей".
На расійскіх прадпрыемствах вырабляецца да 50-60 працэнтаў камплектуючых для беларускіх заводаў. "Прамысловасць, сельская гаспадарка - гэта такі вялікі кусок, які дае магчымасць мінімум 10 млн расіян працаваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб супрацоўніцтве з Яраслаўскай вобласцю, Прэзідэнт пацвердзіў, што Беларусь гатова прадаўжаць супрацоўніцтва з Тутаеўскім маторным заводам. Цяпер рухавікі вытворчасці гэтага завода выкарыстоўваюцца пры вытворчасці збожжаўборачных камбайнаў на "Гомсельмашы", іншай тэхнікі. У Яраслаўскую вобласць наладжаны пастаўкі беларускіх прадуктаў харчавання, асабліва запатрабаваны сыры.