5 кастрычніка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ўдзельнічаць у стварэнні на Сахаліне тэрыторый апераджальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Сахалінскай вобласці Расіі Алегам Кажамякам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусі цікавы праекты стварэння на Сахаліне тэрыторый апераджальнага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Такіх праектаў, паводле інфармацыі Аляксандра Лукашэнкі, на Сахаліне плануецца 29. Прэзідэнт запэўніў, што расійскі рэгіён не будзе мець праблем з беларускімі партнёрамі. "Рэалізоўваць мы будзем у асноўным дзяржаўнымі прадпрыемствамі, пад апекаваннем дзяржавы. І гарантыі дзяржаўныя, нашага ўрада, таксама нямала значаць у гэтым пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прыярытэтнымі напрамкамі могуць стаць прамысловая кааперацыя, сельская гаспадарка, будаўнічая сфера. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, Беларусь гатова садзейнічаць Сахалінскай вобласці ў мадэрнізацыі агракомплексу.
Беларускія прадпрыемствы таксама гатовы прыняць самы актыўны ўдзел у будаўніцтве аўтадарог, лагістычных цэнтраў у Сахалінскай вобласці. Перспектыўным з'яўляецца супрацоўніцтва ў сферы пасажырскага транспарту, у тым ліку, на газаматорным комплексе, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Сахалінская вобласць, паводле яго слоў, можа разлічваць на беларускія тэхналогіі, абсталяванне, тэхніку, праектныя і інжынірынгавыя паслугі, спажывецкія тавары пры рэалізацыі праграм у рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цяперашніх няпростых эканамічных умовах Беларусь прадастаўляе магчымасць набываць сваю прадукцыю па выгадных схемах фінансавання.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Алега Кажамяку з выбраннем на пасаду губернатара Сахалінскай вобласці. Раней ён займаў пасаду губернатара Амурскай вобласці, якая стала за апошнія тры гады лідарам па тавараабароце з Беларуссю сярод суб'ектаў Далёкаўсходняй акругі. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што паспяховы вопыт супрацоўніцтва з Беларуссю дасць магчымасць змяніць сітуацыю з гандлем з Сахалінам. Пакуль аб'ём тавараабароту з гэтым расійскім рэгіёнам складваецца нязначны - у межах $2-4 млн у год, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Уплываюць тэрытарыяльная аддаленасць, складаная лагістыка, складаныя кліматычныя ўмовы надвор'я. Тым не менш, ёсць зацікаўленасць нарошчвання ўзаемадзеяння. Аб гэтым сведчыць той факт, што на другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы падпісана міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве з Сахалінскай вобласцю, нагадаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"Вядома, што Сахалін багаты на прыродныя рэсурсы. Тут рэалізуюцца буйныя комплексныя міжнародныя праекты па здабычы і транспарціроўцы вуглевадародаў. Асваенне шэльфавых радовішчаў прадаставіла ўнікальную магчымасць развіваць інфраструктуру рэгіёна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Алег Кажамяка адзначыў, што, яшчэ будучы губернатарам Амурскай вобласці, пераканаўся ў надзейнасці беларускіх партнёраў, якасці беларускай прадукцыі, у прыватнасці тэхнікі.