16 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Банкаўская сістэма павінна садзейнічаць рабоце эканомікі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час рабочай сустрэчы з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым і старшынёй праўлення Нацбанка Паўлам Калаурам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён апошнім часам спецыяльна не ўмешваецца ў пытанні развіцця банкаўскай сістэмы, валютнага рынку і грашова-крэдытнай сферы. Разам з тым ён падкрэсліў, што галоўнае - не спыніць і не застопарыць работу эканомікі. "Усе сістэмы (у банкаўскай сферы. - Заўвага БЕЛТА) павінны быць нармальнымі, празрыстымі і зразумелымі для нашых партнёраў, у тым ліку рыначнікаў на Захадзе. Я гэтага не адмаўляю. Але эканоміка павінна працаваць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Інфармацыя паступае, што не ўсюды так, мякка кажучы. Таму галоўнае для нас, каб працавала эканоміка", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Павел Калаур, адказваючы на пытанні журналістаў, адзначыў, што, нягледзячы на існуючыя выклікі і ўнутраныя праблемы, эканоміка і банкаўская сістэма павінны такім чынам узаемадзейнічаць, каб забяспечыць і эканамічны рост, і збалансаваную макраэканамічную сітуацыю. "У гэтых умовах з боку банкаўскай сістэмы важна забяспечыць адпаведную рэсурсную базу, каб падтрымаць рэальны сектар эканомікі, што банкаўская сістэма і забяспечвае", - сказаў ён, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Банкі, рэальна ўзаемадзейнічаючы на штодзённай аснове з прадпрыемствамі, забяспечваюць фінансаванне непасрэдна эканомікі, прыцягваюць рэсурсы на знешніх рынках", - дадаў Павел Калаур.
Што датычыцца праблемных пытанняў, то крэдытныя рызыкі, якія накапіліся з прычыны знешніх шокаў, матэрыялізуюцца ў выглядзе праблемных актываў. "Стаіць задача, каб гэтыя праблемныя актывы не падышлі да нейкай лічбы, узроўню, які пагражаў бы непасрэдна стабільнасці самой банкаўскай сістэмы. Гэтыя пытанні таксама былі прадметам абмеркавання", - расказаў старшыня праўлення Нацбанка.