25 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным наладзіць у Беларусі эфектыўную сістэму перапрацоўкі адходаў і выпрацоўкі другаснай сыравіны. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з навуковымі і навукова-педагагічнымі работнікамі, якім уручаны дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта вельмі важная праблема для Беларусі. Па другаснай сыравіне і адходах", - сказаў Прэзідэнт.
Ён прывёў прыклад, што ў шэрагу дзяржаў уся шклатара ў асноўным вырабляецца з другаснай сыравіны. "А ў нас? Мы, бачыце, багатыя. Мы проста расхлябаныя і разбэшчаныя, як кажуць у Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Адміністрацыі Прэзідэнта даручана ўзяць на строгі кантроль адпаведныя пытанні. "Адходы, макулатура, металічныя вырабы разнастайныя, асабліва пластык - гэта трэба ўсё збіраць. Усюды павінен быць парадак", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што ў Беларусі любыя напіткі ў большасці прадаюцца ў пластыкавай тары. Прэзідэнт таксама спаслаўся на праведзенае ў Расіі даследаванне, што большасць смярцей у сваёй аснове звязаны з няякасным харчаваннем.
"Ужо развітыя краіны, якія балеюць за сваіх грамадзян, адмаўляюцца ад пластыку. Я нядаўна даручыў зняць пластыкавыя бутэлькі і тару на першым этапе і замяніць на шкло. Тым больш што ў нас развіта гэта сфера прамысловасці. Гэта неадкладна трэба рэалізоўваць", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.