22 сакавіка, Баранавічы /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Баранавічы адыгрываюць важную ролю ў транспартнай інфраструктуры Беларусі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з актывам горада і раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Баранавічы - горад асаблівы. Трэба мець на ўвазе, што ён знаходзіцца на скрыжаванні ўсіх дарог і шляхоў, у тым ліку галоўнай нашай магістралі, якая ідзе з Кітая на захад Еўропы. Сёння ўжо так трэба гаварыць. І гэты напрамак - па чыгунцы, паветраным транспартам і аўтамабільным - будзе толькі ўзмацняцца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Баранавіцкі раён - адзін з буйнейшых у Брэсцкай вобласці, таму да яго асаблівая ўвага. У мінулым годзе тут выраслі аб'ёмы прамысловай вытворчасці, экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі. Пры гэтым узровень беспрацоўя захоўваецца адносна нізкім.
У бягучым годзе, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у раёне трэба будзе мабілізаваць усе рэсурсы, каб дасягнуць новага ўзроўню развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы. Для гэтага, на яго думку, усё ёсць. "Трэба значна павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, палепшыць фінансавыя паказчыкі прадпрыемстваў (гэта самае галоўнае) і вельмі важна стварыць новыя рабочыя месцы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў, што неабходна зрабіць для ўстойлівага росту эканомікі горада і раёна, якія ёсць рэзервы для істотнага павышэння сацыяльных стандартаў жыцця ў раённым цэнтры і сельскай мясцовасці. "Калі ёсць праблемы, то патрэбны прадуманыя, канкрэтныя прапановы па іх вырашэнні. Людзі чакаюць ад нас своечасовага вырашэння надзённых пытанняў, прынцыповасці, адкрытасці, шчырасці і асабліва справядлівасці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўважліва азнаёміўся са зваротамі грамадзян, якія паступілі ў час "Вялікай размовы з Прэзідэнтам". "Я іх пачуў, я прачытаў усё, добрае і гадасці, на ўсіх форумах, у сацыяльных сетках, у афіцыйных, апазіцыйных і іншых сродках масавай інфармацыі. Я ўсіх пачуў", - адзначыў ён.