23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае тэхнічную моц сельскай гаспадаркі Беларусі, зыходзячы з тэмпаў уборкі збожжавых. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па пытаннях арганізацыі ўборачнай кампаніі 2021 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вельмі ўважліва сочыць за ўсімі працэсамі ў час уборачнай кампаніі - эканамічнымі, умовамі надвор'я. "Мяне не пакідае думка, што раней (а ўчора мы намалацілі першы мільён тон хлябоў, сёння будзе 1,2-1,3 млн т) для таго, каб першы мільён або другі, або трэці намалаціць, нам патрэбна было больш, чым паўмесяца. А цяпер мы яшчэ і не пачалі па-сапраўднаму масавую ўборку, але мільён тон ужо ў засеках. Гэта сведчыць аб той моцы, перш за ўсё тэхнічнай, якой валодае сёння сельская гаспадарка", - падкрэсліў беларускі лідар.
Тым не менш, адзначыў ён, пэўныя праблемы існуюць. "Выявіць гэтыя праблемы, прыняць рашэнні - мэта сённяшняй нарады", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыў на нарадзе віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін, усяго трэба ўбраць збожжавых, зернебабовых з кукурузай і рапсам з плошчы амаль 2,5 млн га. "Пры планаванні пасеваў збожжавых ухіл быў зроблены на больш эканамічна выгадныя культуры. На 26 тыс. га павялічылі пасевы пшаніцы, на 10 тыс. га - пасевы азімага ячменю (рост на 63 працэнты да мінулага года). Ідзём паступова, апрабуем айчынныя сарты, адпрацоўваем на іх тэхналогіі, тэхналагічныя рэжымы", - адзначыў віцэ-прэм'ер. Ён звярнуў увагу, што ўдзельная вага азімых збожжавых на гэты момант складае 59 працэнтаў, паколькі ў мінулым годзе ўраджайнасць азімых культур склалася ва ўсіх рэгіёнах вышэйшая за яравыя ў сярэднім на 28 працэнтаў. "У 2020 годзе ўраджайнасць азімага ячменю амаль на 60 працэнтаў перасягнула ўраджайнасць яравога", - прывёў даныя Аляксандр Субоцін.
Гаворачы пра асаблівасці ўмоў надвор'я ў гэтым годзе, ён канстатаваў: "У сувязі з позняй вясной масавая сяўба яравых пачалася на 18 дзён пазней, але ўдалося мабілізавацца і за кошт высокіх тэмпаў усё зрабіць у адведзеныя агранамічныя тэрміны. У маі ўмовы надвор'я характарызаваліся вялікай колькасцю ападкаў - 167 працэнтаў ад нормы на фоне нізкіх тэмператур". Гэта прывяло да запаволення выспявання і фарміравання збожжавых культур і шматгадовых траў на 5-6 дзён. "Негатыўны ўплыў на фарміраванне збожжавых таксама аказала гарачыня ліпеня - былі рэкордна высокія тэмпературы для нашага рэгіёна", - дадаў віцэ-прэм'ер.
Паводле даных Мінсельгасхарча, збожжавыя і зернебабовыя культуры ўбраны з плошчы амаль 308 тыс. га (або 14,4 працэнта ад усёй уборачнай плошчы). Збожжа намалочана ўжо 1,036 млн т, хоць у мінулым годзе да гэтай даты было сабрана крыху больш за 650 тыс. т.