5 кастрычніка, Мікашэвічы /Кар. БЕЛТА/. Адраджэнне вёскі ў Беларусі, па сутнасці, пачалося з правядзення свята "Дажынкі". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мікашэвічах на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2024", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў яшчэ адну вельмі важную ролю "Дажынак". "Крок за крокам, як бы ні было складана, мы кожны год мянялі сталіцу свята, ператвараючы раённыя і абласныя цэнтры. Фестываль стаў нацыянальным праектам", - сказаў ён.
Потым гэта трансфармавалася ў маштабную дзяржаўную праграму. Былі пабудаваны аграгарадкі і сучасныя малочнатаварныя комплексы. "Але, па сутнасці, адраджэнне вёскі пачыналася з нашых "Дажынак", - падкрэсліў беларускі лідар. - Так, мы шмат самі сябе крытыкуем, і правільна. Аднак, калі паглядзець праўдзе ў вочы, у нас ёсць чым ганарыцца".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі пачыналі з ураджаю 5-6 млн т збожжа і лічылі, што гэта нядрэнна, а 7 мільёнаў успрымаліся як недасягальны вынік.
"Сёння мы прыйшлі да таго, што 10 млн т - норма. Але вы мой падыход ведаеце, нам трэба ўсяго толькі 11-12 млн т збожжа. І ўсё, больш і не трэба, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Будзем вырошчваць іншыя прадукты, якія мы закупляем. Вы бачыце, як мяняецца клімат".
"30 гадоў таму мы маглі толькі марыць аб сённяшнім узроўні нашага аграрнага сектара і дастойных умовах жыцця ў вёсцы. Але мы гэта зрабілі. Не скажу, што ўжо ўсё зрабілі. Пытанні ёсць. Але ў нас вялікі патэнцыял. У нас ёсць на чым далей узводзіць наш будынак жыцця", - падкрэсліў беларускі лідар.