16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аграрыям неабходна атрымаць у 2024 годзе каля 10 млн тон збожжа. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Задачы на 2024 год куды больш амбіцыйныя за ўчарашнія вынікі. Трэба атрымаць каля 10 мільёнаў тон збожжа, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў і больш за мільён тон рапсу ў год", - паставіў задачу Прэзідэнт.
Самая актуальная тэма сёння - пасяўная кампанія, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Як у народзе кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Паводле інфармацыі ўрада, усе неабходныя рашэнні для правядзення пасяўной кампаніі прыняты, засталося дакладна, з поўнай адказнасцю выканаць свае планы на месцах", - падкрэсліў ён.
У той жа час, як дакладваюць кіраўніку дзяржавы, у асобных рэгіёнах ёсць праблемы. Размова, у прыватнасці, пра гатоўнасць тэхнікі.
"Мы з вамі вызначыліся, што кожны год 25 сакавіка, да пачатку веснавых палявых работ, гатоўнасць тэхнікі павінна быць не менш як 95 працэнтаў. Што мы маем у гэтым годзе? Нізкую гатоўнасць тэхнікі кантралёры фіксуюць практычна ў кожнай трэцяй праверанай гаспадарцы (у 70 з 225 правераных). Стан спраў скрываецца скажэннем аператыўнай справаздачнасці, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Навучыліся гуляць лічбамі, не думаючы аб тым, што недакладныя даныя прыводзяць да памылковых кіраўніцкіх рашэнняў".
Неабходна, каб тэхніка была ў поўным парадку, падкрэсліў Прэзідэнт. "Ваша задача, урада, аблвыканкамаў і райвыканкамаў, пад персанальную адказнасць гарантаваць гатоўнасць усёй тэхнікі на працягу ўсяго сельскагаспадарчага года, - паставіў яшчэ адну задачу кіраўнік дзяржавы. - Дарэчы, ад выступоўцаў хацеў бы пачуць, што гавораць пра якасць сельскагаспадарчай айчыннай тэхнікі. Мы ўліваем у яе закупку каласальную падтрымку. Спланаваны аб'ём выпуску і фінансаванне па лізінгу. Таму ваш святы абавязак захаваць і эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку".